wd wp Пошук:

Леакадзія Шышэя

Леакадзія Шышэя (дзяв. Кавальчук) (нар. 1 чэрвеня 1928) — удзельніца беларускага пасляваеннага супраціву, сябра падпольнай слонімскай арганізацыі «Чайка», былая зняволеная ГУЛАГу[1].

Біяграфія

Нарадзілася 1 чэрвеня 1928 года ў вёсцы Церахоўшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер — Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). У Другую сусветную вайну падчас нямецкай акупацыі вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да СБМ. З 1944 года працягвала вучобу ў Слонімскай СШ № 1.

У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 года арганізацыя была выкрытая ў сувязі з дэканспірацыяй Саюза вызвалення Беларусі, які быў выданы савецкім агентам Алесем Бажко. У выніку гэтай дэканспірацыі і сама «Чайка» была выкрытая, што было звязана з канспірацыйнай памылкай: з СВБ некаторыя сябры «Чайкі» утрымлівалі сувязь.

У чэрвені 1947 Леакадзія Шышэя была арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі, утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Пра арышт успамінала так:

«Прыязджаюць. Каля нашага дому шаша была. Едзе брычка. Спынілася. Я гляджу і кажу: „Ой, нешта брычка з ваеннымі спынілася“. Ідзе афіцэр ў хату. Я стаю ў калідоры. Ён гаворыць: „Знаете, у нас там беда случилась. Можно ли молоточка у вас попросить?“ Я гавару: „Можна, калі ласка“. Я знайшла гэты малаточак, прынесла ім. І хачу выходзіць. А ён: „Нет, нет, не выходите. Вы — Леокадия? Садитесь“. Зрабілі вобыск. Мама была хворая. І якраз хлеба не было. А на вёсцы так прынята ў суседзяў пазычаць. Бацька пайшоў да суседа. Далі яны нам хлеба. Гавораць: „Лёдзю забіраюць“. Сказалі бацьку запрэгчы каня, воз. Але бацьку за фурмана не пасадзілі. Пайшлі дзядзьку нейкага знайшлі. І адвезлі мяне ў Слонім у КГБ. Там я наслухалася. І білі мяне. Але не было за што біць. А што ж я рабіла? Нічога я не рабіла. А я так і сказала. Ён даў мне падпісаць, я нават не помню, што там было. Я сказала: „А чаму я павінна падпісваць гэта? Я гэтага не рабіла, я там не была“. А ён: „Ну, ничего, мы потом вопросы будем задавать уточнять“. Я падпісала. А што падпісала — не ведаю. Вось такія мае справы былі».

Леакадзія Шышэя была асуджаная на тэрмін восем з паловай гадоў. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

У 1954 годзе вызвалілася з канцлагераў. Пасля вызвалення Леакадзія Шышэя разам са сваім мужам Кастусём Шышэям прыехала ў Вільнюс, дзе жыве і цяпер. Леакадзія Шышэя з’яўляецца адной з гераіняў дакументальнага фільма «Людвіка», які распавядае пра беларусаў Віленшчыны. Фільм зняў рэжысёр з Беласточчыны Мікола Ваўранюк.

Сям’я

Мужам Леакадзіі Шышэі (Кавальчук) быў Кастусь Шышэя, камандзір Беларускай краёвай абароны, з якім яна пазнаёмілася падчас зняволення з дапамогай Ларысы Геніюш.

Узнагароды

Узнагароджана медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[2].

Зноскі

  1. http://slounik.org/154805.html Біяграфія Леакадзіі Шышэі
  2. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзятлаўскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 чэрвеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Слонімскім павеце (1920—1940)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1928 годзе
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца нараджэння ў картцы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены арганізацыі «Чайка»