wd wp Пошук:

Кісялі-Дымакуры

Кісялі-Дымакуры — гарадзішча каля вёскі Кісялі Талачынскага раёна.

Сучасны стан

Знаходзіцца за 0,8 м на захад ад Кісялёў, на левым беразе ракі Сакалянкі. Мысавага тыпу, пляцоўка прамавугольная 42×32 м, узвышаецца на 15 м над узроўнем ракі.

Абследавалі Л. А. Міхайлоўскі (1950) і В. М. Ляўко (1981). У 1950 і 1956 гадах раскопкі праводзіў Л. В. Аляксееў, у 1988—1989 гадах даследавала В. М. Ляўко. Выяўлены тры перыяды засялення, першы — культуры штрыхаванай керамікі, другі — банцараўскай, трэці — старажытнарускага часу.

Гісторыя

1-ы перыяд

Выяўлены рэчы культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры — абломкі штрыхаванага і гладкасценнага посуду, прасліца, бронзавы наканечнік стралы, бронзавыя фібулы першых стагоддзяў нашай эры і інш.

Паселішча ўмацавана класічнай для жалезнага веку сістэмай з некалькіх радоў валоў і равоў з напольнага боку.

Л. В. Аляксееў выявіў у шурфах быццам ляпную кераміку ранняга жалезнага веку, пазней памылкова падаў гэтыя вынікі як знаходкі ў Копысі[1].

2-і перыяд

Выяўлены рэчы культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI—VIII ст.) — кераміка, а таксама ліцейная форма для адліўкі бронзавай падвескі.

На думку В. М. Ляўко, на гарадзішчах у Друцку і Кісялях у 3-й чвэрці І-га тысячагоддзя сфарміраваліся цэнтры пасяленскіх структур крывічоў.

У 3-й чвэрці І-га тысячагоддзя па краі пляцоўкі гарадзішча ўмацавалі кальцавым земляным валам з драўлянымі ўнутранымі канструкцыямі са зрубаў, запоўненых зямлёй. На вале ўзвялі тын, насып з боку пляцоўкі дадаткова ўмацавалі каменнем.

3-і перыяд

Выяўлены рэчы раннефеадальнага часу (X—XIII ст.) — фрагменты ляпнога, але падпраўленага на ганчарным крузе посуду, яркага тэракотавага колеру з добра загладжанай паверхняй. Гэты посуд мае высокі прамы або злёгку адагнуты венчык, арнаментаваны хваляй па венчыку і тулаве, акруглабокі, плечукі апушчаны, можа датавацца IX — пачаткам X ст.[2] Таксама сярод знаходак перстні, бранзалеты, пацеркі, нажы, шпоры. Шматлікі матэрыял сведчыць пра знаходжанне гарадзішча ў шчыльнаселенай мясцовасці з высокім узроўнем эканамічнага развіцця.

Пляцоўку гарадзішча пашырылі, першапачатковы кальцавы вал часткова знівеліравалі. З напольнага боку па краі пляцоўкі насыпалі падковападобны вал вышынёй да 8,2 м. Абарончую функцыю працягвалі выконваць і два падковападобныя валы жалезнага веку каля падэшвы гарадзішча вышынёй да 1,5 м.

Магчыма, гарадзішча можна атаясняць з «горадам» Одрскам, які згадвае ў сваім «Павучэнні» князь Уладзімір Манамах[3].

Зноскі

  1. Алексеев, Л. В. Памятники железного века в среднем течении Западной Двины / Л. В. Алексеев // Труды Прибалтийской объединенной комплексной экспедиции. — М., 1959. — С. 312, табл. Х.
  2. Левко О. Н. Южнорусское влияние на древности Белорусского Поднепровья IX—XII вв. // Матеріальна та духовна культура Південної Русі. Матеріали Міжнародного польового археологічного семінару, присвяченого 100-літтю від дня народження В. Й. Довженка (Чернігів — Шестовиця, 16 — 19 липня 2009 р.). Київ — Чернігів, 2012. — С. 191—198.
  3. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.; іл. — С. 35.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый
Катэгорыя·Кісялі (Талачынскі раён)
Катэгорыя·Помнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Культура штрыхаванай керамікі
Катэгорыя·Кіеўская Русь
Катэгорыя·Гарадзішчы Талачынскага раёна
Катэгорыя·Банцараўская культура