Кірыбаці (кір.: Kiribati [ˈkiɾibas], англ.: Kiribati [ˈkɪribas] або [ˌkɪrəˈbɑdi]) — ціхаакіянская дзяржава ў Мікранезіі. Сталіца — Паўднёвая Тарава. Насельніцтва — 92 533 (2005 г.), у асноўным тунгару.
Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад і палітыка Кірыбаці Па Канстытуцыі 1979 Кірыбаці — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 4-гадовы тэрмін усеагульным галасаваннем грамадзян, старэйшых за 18 гадоў. Кандыдаты ў прэзідэнты адбіраюцца парламентам са свайго складу.
Заканадаўчы орган — Палата сходу (Манеаба ні Маунгатабу), якая складаецца з 42 членаў. З іх 40 абіраюцца тэрмінам на 4 гады па аднамандатных і шматмандатных акругах, 1 месца зарэзервавана за в. Банаба, у парламент ўваходзіць таксама па пасадзе генеральны атарнэй (генеральны пракурор).
Урад краіны прызначаецца прэзідэнтам са складу членаў парламента. Урад разам з прэзідэнтам нясе калектыўную адказнасць перад парламентам. Канстытуцыя прадугледжвае магчымасць стварэння спецыяльнага органа — Дзяржаўнага савета ў складзе старшыні камісіі дзяржаўнай службы, вярхоўнага суддзі і спікера парламента.
Незалежнасць калоніі Астравы Гілберта ад Вялікабрытаніі была абвешчаная 12 ліпеня 1979 года, у гэтым жа году яна была афіцыйна пераназваная ў Рэспубліку Кірыбаці. У 1983 годзе ўступіў у сілу дагавор аб сяброўстве паміж ЗША і Кірыбаці, па якім ЗША адмаўляліся ад прэтэнзій на 14 астравоў у архіпелагах Лайн і Фенікс, прызнаўшы іх часткай Кірыбаці.
Мяжуе на паўночным захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Маршалавых Астравоў, Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, на захадзе і паўднёвым захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Наўру, Саламонавых Астравоў і Тувалу, на поўдні і паўднёва-усходзе — з тэрытарыяльнымі водамі Такелау, астравоў Кука і Французскай Палінезіі. На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з нейтральнымі ціхаакіянскімі водамі, а таксама Знешнімі малымі астравамі (ЗША).
Працягласць узбярэжнай паласы — 1143 км. Выключная ўзбярэжная эканамічная зона — каля 3,5 млн км². Тэрытарыяльныя воды — каля 22 км ад базіснай лініі. У склад Рэспублікі Кірыбаці ўваходзяць 33 маленькіх атола, дваццаць з якіх незаселеныя. З іх 16 астравоў і атолаў у архіпелагу Гілберта, востраў Банаба (Ошэн), 8 астравоў у архіпелагу Фенікс і 8 астравоў у архіпелагу Лайн. Агульная плошча — 726,34 км².
Насельніцтва Кірыбаці — 92 533 чал. (2005, ацэнка).
Дзяржаўная мова — кірыбаці. У афіцыйным звароце таксама выкарыстоўваецца англійская.