Крыўля́нскі сельсаве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок Крыўляны.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Глыбокаўскі сельсавет у складзе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Глыбокае. 16 ліпеня 1954 года сельсавет перайменаваны ў Крыўлянскі, цэнтр перанесены ў вёску Крыўляны[1]. 20 мая 1957 года ў склад сельсавета з Мацеевіцкага сельсавета перададзены 2 населеныя пункты (вёскі Пруск і Якаўчыцы)[2]. З 8 жніўня 1959 года ў складзе Камянецкага раёна. 13 кастрычніка 1961 года у склад сельсавета з Якаўчыцкага сельсавета перададзены вёскі Багны, Баляўшчына, Вялікія Сяхновічы (з крухмальным заводам), Грыцэвічы (з канторай нарыхтоўкі жывёлы), Карды, Мацеевічы, Новыя Дворы, Семенаўцы, у склад Якаўчыцкага сельсавета перададзены вёскі Агароднікі, Барздзілы, Вандалін, Вежкі, Мацясы, Пруск, Свішчы, Стаўпы, Якаўчыцы[3]. З 25 снежня 1962 года сельсавет у складзе Кобрынскага раёна. 4 студзеня 1965 года ў склад сельсавета са Сцяпанкаўскага сельсавета перададзены 5 населеных пунктаў (Арэпічы, Вярхі, Налезнікі, Рэчыца і Селішчы)[4], якія 31 сакавіка 1965 года вернуты ў склад Сцяпанкаўскага сельсавета Брэсцкага раёна[5]. З 30 ліпеня 1966 года сельсавет у складзе адноўленага Жабінкаўскага раёна. На 1 студзеня 1974 года ў складзе сельсавета 15 населеных пунктаў[6]. 11 мая 2012 года да сельсавета далучана частка тэрыторыі скасаванага Якаўчыцкага сельсавета (вёскі Агароднікі, Барздзілы, Вандалін, Вежкі, Малыя Якаўчыцы, Мацясы, Свішчы, Стаўпы)[7].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (15 населеных пунктаў) — 1362 чалавекі[8], з іх 87,4 % — беларусы, 8,1 % — украінцы, 3,2 % — рускія[9].