wd wp Пошук:

Коперскі порт

Ко́перскі порт — марская прыстань Славеніі, заснаваная ў маі 1957 года.

На 2019 год быў найбольшай прыстанню на поўначы Адрыятычнага мора. Налічваў 12 тэрміналаў. У Коперскім порце дзейнічала 38 суднаходных ліній, з іх 13 аўтамабільна-перавалачных і па 12 звычайных і кантэйнерных[3]. Цягнікі звязвалі прыстань з 11 краінамі Еўропы — Аўстрыяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Германіяй, Польшчай, Румыніяй, Славакіяй, Сербіяй, Харватыяй і Чэхіяй[4].

Структура

На 2019 год АТ «Коперскі порт» уключала:

Тэрміналы

Выгляд з мора (2008 год)

На 2019 год АТ «Коперскі порт» налічвала 12 тэрміналаў:

Уласнікі

Партовыя краны Копера (2009 г.)

На пачатак 2019 года 10 найбольшымі пайшчыкамі (76,48 %) АТ «Коперскі порт» былі: урад Славеніі — 51 %, АТ «Славенскі дзяржаўны холдынг» — 11,13 %, АТ «Капітальнае таварыства» — 4,98 % (Любляна), гарадская абшчына Копера — 3,14 %, «Сіцібанк» як даверны кіраўнік (Нью-Ёрк, ЗША) — 2,47 %, АТ «Харвацкі паштовы банк» (Заграб) — 0,93 %, АТ «Страхавальнік Трыглаў» (Любляна) — 0,81 %, АТ «Банк Кліарстрым» як даверны кіраўнік (Люксембург) — 0,75 %, ТАА «Утыліко развіццёвыя рынкі» (Эпсам, графства Сары, Англія) — 0,7 % і АТ «Заграбскі банк» (Харватыя) — 0,57 %. Яшчэ 15,71 % паёў належала фізічным асобам. Замежныя юрыдычныя асобы валодалі 8,95 % паёў. Узаемныя і пенсійныя фонды мелі 1,05 %[8].

Гісторыя

Коперская прыстань (1962 г.)

23 мая 1957 года заснавалі Коперскую прыстань. У жніжні 1957 года землясмокавы карабель «Петэр Клепец» пачаў капаць марское дно на паўночным узбярэжжы Копера (Народная Рэспубліка Славенія, ФНР Югаславія). Праз 1,5 гады пабудавалі першы прычал, дзе прышвартавалі акіянічны лайнер «Горыца» славенскага прадпрыемства «Агульнае плаванне» з Пірана. У 1961 годзе прыстань перайменавалі ў порт. У 1963 годзе заснавалі мытную прастору. 2 снежня 1967 года 31 км чыгункі злучыў Коперскі порт з Прэшніцай, што дазволіла дастаўляць грузы цягнікамі з замежжа. У 1968 годзе стварылі тэрмінал нафтапрадуктаў. У 1972 годзе — тэрмінал хімікаліяў. У 1973 годзе пры пагрузцы сталі выкарыстоўваць кантэйнеры, што павялічыла грузаабарот амаль да 2 млн тонаў за год. У 1974 годзе заснавалі першую кантэйнерную лінію для Міжземнамор’я. У 1979 годзе адчынілі кантэйнерны тэрмінал на стальных палях. У 1984 годзе стварылі тэрмінал сыпкіх грузаў. На адным з яе прычалаў узвялі сіласную вежу для збожжа. У 1988 годзе пабудавалі склад бавоўны і тэрмінал для борату і фосфарыстай кіслаты. У 1989 годзе ўзвялі тэрміналы для нафты і гліназёму. У выніку прапускная здольнасць порта дасягнула 5 млн тонаў[9].

У 1990-я гады большасць грузаў сталі пастаўляць з краін Сярэдняй Еўропы. У 1996 годзе порт пераўтварылі ў акцыянернае таварыства, чые паі размясцілі на Люблянскай біржы. Адначасна адчынілі тэрмінал аўтамабіляў. У 2000 годзе ААТ «Коперскі порт» атрымала ў 30-гадовую саступку кантэйнерны тэрмінал у італьянскім порце Трыеста. У 2004 годзе тэрмінал сыпкіх грузаў пераўтварылі ў энергетычны. Гадавы грузаабарот перавысіў 12 млн тонаў. У 2007 годзе ў Сежане стварылі дачыннае ТАА «Адрыя тэрміналы» для кіравання складамі плошчай 11 га. Адначасова адчынілі замежнае прадстаўніцтва ў Малайзіі. У 2008 годзе ўрад Славеніі і АТ «Коперскі порт» заключылі дагавор аб саступцы кіравання прыстанню на 35 гадоў. Таксама адчынілі склад на 2750 аўтамабіляў. Даччынае прадпрыемства «Адрыя транспарт» набыло 3 лакаматывы для перавозак з Аўстрыі і Германіі. У 2009 годзе ў кантэйнерны тэрмінал набылі 4 высокамагутныя краны, што дазволіла прымаць караблі грузападымальнасцю да 8000 20-футавых кантэйнераў. Таксама дабудавалі склад на 4100 аўтамабіляў. У 2010 годзе з’явілася кантэйнерная лінія, што звязала Коперскі порт з Далёкім Усходам. У выніку грузапаток перавысіў 400 000 кантэйнераў, што зрабіла адпаведны тэрмінал Копера найбольшым у паўночнай Адрыятыцы. Па выніках года Коперскі порт стаў асноўным для Аўстрыі пры ўвозе і вывазе тавараў. У 2011 годзе, праз 6 гадоў ад пачатку працы падарожніцкага тэрміналу лік гасцей перавысіў 100 000 чалавек. У 2013 годзе глыбіню марскога дна ў порце павялічылі да 13 метраў, што дазволіла прымаць кантэйнеравозы з уляганнем да 12,5 метру замест ранейшых 11,4 метру. У 2016 годзе грузапаток перавысіў 22 млн тонаў. У тым ліку праз кантэйнерны тэрмінал прайшло звыш 800 000 кантэйнераў[9].

Карабель у падарожніцкім тэрмінале (2011 г.)

За 2018 год «Коперскі порт» прыняў 75 караблёў са 101 415 падарожнікамі[10], што было на 41 % больш чым у 2017 годзе. Грузапаток вырас да 24,049 млн тонаў. З іх 39,6 % склалі кантэйнеры (988 499 адзінак), 33,2 % — сыпкія грузы, 16 % — вадкія грузы, 6,4 % — звычайныя грузы і 4,8 % — аўтамабілі (754 409 адзінак)[2].

Кіраўнікі

Зноскі

  1. Кіраўніцтва прадпрыемства(славенск.) , АТ «Коперскі порт» (2019). Праверана 30 мая 2019.
  2. 1 2 Справаздача холдынга і АТ «Коперскі порт» за 2018 год(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (10 красавіка 2019). Праверана 30 мая 2019.(недаступная спасылка)
  3. Суднаходныя сувязі(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 31 мая 2019.
  4. Чыгуначныя сувязі(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 30 мая 2019.
  5. Уладкаванне мацярынскага прадпрыемства і ўласніцкія долі(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 30 мая 2019.
  6. Прадстаўніцтвы(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 30 мая 2019.
  7. Тэрміналы(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 30 мая 2019.
  8. Уласніцкая будова(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (31 снежня 2018). Праверана 30 мая 2019.(недаступная спасылка)
  9. 1 2 Больш пра мінуўшчыну(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 30 мая 2019.
  10. Падарожніцкі тэрмінал(славенск.) . АТ «Коперскі порт» (13 кастрычніка 2019). Праверана 31 мая 2019.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Парты Адрыятычнага мора
Катэгорыя·Кампаніі паводле алфавіта
Катэгорыя·Кампаніі, заснаваныя ў 1957 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Парты Славеніі
Катэгорыя·Кампаніі Славеніі