Кес ван Донген (нідэрл. Kees van Dongen; сапраўднае імя нідэрл. Cornelis Theodorus Maria van Dongen; 26 студзеня 1877, Дэльфсхафен каля Ратэрдама — 28 мая 1968, Монтэ-Карла) — нідэрландскі мастак, адзін з заснавальнікаў фавізму. Найбольш вядомы як аўтар стылізаваных жаночых партрэтаў. Кес ван Донген — брат скульптара Жана ван Донгена.
Нарадзіўся ў Дэльфсхафене. Ён быў у сям’і другім з чатырох дзяцей. У 1892—1897 гадах вучыўся ў Каралеўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў у Ратэрдаме; ад гэтага перыяду ў творчасці ван Донгена засталіся шматлікія замалёўкі сцэн з удзелам матросаў і прастытутак, зробленыя мастаком у гарадскім квартале чырвоных ліхтароў. Натхнёны ідэямі анархізму, у 1895 годзе ён праілюстраваў галандскае выданне кнігі Пятра Крапоткіна «Анархія».
З 1899 гады ван Донген жыў у Парыжы, удзельнічаючы ў розных выставах, у тым ліку ў знакамітым Восеньскім салоне 1905 года, на якім таксама экспанаваліся працы Анры Маціса. Яркія фарбы іх твораў стануць крыніцай назвы новай групы жывапісцаў: фавісты. Карціны неслі гледачам адчуванне сілы і энергіі, з-за чаго французскі крытык Луі Воксель параўнаў мастакоў з дзікімі звярамі (фр. les fauves).
Адначасова з фавізмам, ван Донген з’яўляўся ўдзельнікам нямецкай групы экспрэсіяністаў «Мост» і маляваў карыкатуры для парыжскай газеты La Revue blanche.