Карын Алена Вестберг (швед. Carin Helena Wästberg; 5 чэрвеня 1859 — 9 красавіка 1942) — шведская мастачка па тэкстылю. Яна дапамагла ажывіць цікавасць да тэкстыльнага мастацтва ў Швецыі, натхнёнага мясцовымі сялянскімі прыёмамі і развіццём падзей, якія яна бачыла ў Англіі. Яна ператварыла аб’яднанне «Сябры рамяства» ў вядучага вытворцу тэкстылю ў краіне, стварыўшы новую тэхніку вытворчасці ў супрацоўніцтве з Маяй Шэстрэм. Пад яе кіраўніцтвам асацыяцыя падрыхтавала шмат прыкметных прац для грамадскіх будынкаў у Стакгольме, у тым ліку і тыя, якія яна сама распрацавала ў 1915 годзе для Стакгольмскага суда.
Нарадзілася 5 чэрвеня 1859 года ў Венерсборге, была дачкой святара Ганса Эфраіма Вестберга і яго жонкі Ганны, народжанай Андэрсдотэр. Яна расла са сваімі братамі і сёстрамі ў адукаванай сям’і, з 1880 па 1885 год Карын вывучала рамёствы ў стакгольмскім каледжы Констфак. Там разам з аднакурсніцай Марыяй Відэбек яна заснавала тэкстыльную кампанію Widebeck och Wästberg. Усталяваўшы выдатныя сяброўскія адносіны, яны кіравалі кампаніяй і пражылі разам усё астатнюю жыццё да смерці Відэбек ў 1929 годзе.[4]
З 1887 года Карын Вестберг працавала дызайнерам мадэляў у асацыяцыі «Сябры рамёстваў» (швед. Handarbetets vänner). Дзякуючы заробленаму гранту, у 1891 годзе разам з Марыяй Відэбек яна правяла тры месяцы ў Англіі, дзе праявіла асаблівую цікавасць да працы тэкстыльнага дызайнера Уільяма Морыса (1834—1896), рэалізаваўшы яго падыход да дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Швецыі.
У выніку ўнутраных спрэчак у «Сябрах рамёстваў», у 1904 годзе падала ў адстаўку з пасады кіраўніка асацыяцыі Агнэс Брантынг. Карын Вестберг стала ў 1904 годзе мастацкім кіраўніком асацыяцыі і была яе дырэктарам з 1910 года да выхаду на пенсію ў 1930 годзе. Менавіта пад яе кіраўніцтвам некалькі самых значных шведскіх мастачак па тэкстылю працавалі ў якасці дызайнераў, у іх лік уваходзілі Мая Шэстрэм, Агда Остерберг і Эні Фрыхольм.
Разам з Маяй Шэстрэм Карын Вестберг ў 1905 годзе распрацавалі спрошчаную тэхніку ткацтва, дзякуючы чаму абіўка стала рабіцца нашмат хутчэй. Працы ў гэтай новай тэхніцы былі выкананы для капліцы Густава Адольфа ў Люцэрне, Швейцарыя. Адным з самых выбітных тварэнняў Вестберг было яе ільняное палатно высокай якасці Värdinge fuga 1904 года, набытае каралевай Вікторыяй на выставе ў Санкт-Пецярбургу ў 1908 годзе.[4]
Карын Вестберг памерла 9 красавіка 1942 года ў Стакгольме. Яна пахаваная на старых могілках у горадзе Скара.
Разам з Марыяй Відэбек яна была ганаравана некалькімі прэміямі і ўзнагародамі. Яе працы прадстаўлены ў Стакгольме ў Нацыянальным музеі Швецыі, Музеі паўночных краін, Халльвюльском музеі і музеі шведскай арміі.