Карнеліс Карнеліс ван Харлем (нідэрл. Cornelis Cornelissen, Cornelis Cornelisz), (1562, Харлем — 11 лістапада 1638, Харлем) — галандскі жывапісец, малявальшчык і архітэктар. Нараўне з Карэлам ван Мандэрам і Хендрыкам Гольцыусам адзін з вядучых мастакоў нідэрландскага маньерызму харлемскай школы, часцей званы Карнелісам Харлемскім (нідэрл. Cornelis van Haarlem).
Карнеліс нарадзіўся ў Харлеме ў сям’і Карнеліса Томаса. Яго бацькі ў 1568 годзе ўцяклі з горада, калі іспанскае войска аблажыла горад у 1573 годзе падчас Васьмідзесяцігадовай вайны семнаццаці нідэрландскіх правінцый за незалежнасць ад Іспаніі (1568—1648). Шасцігадовага хлопчыка аддалі на выхаванне жывапісцу Пітэру Пітэрсу Старэйшаму. Затым, у 1579—1580 гадах, Карнеліс быў у Францыі, спрабаваў прайсці навучанне ў Руане, выпрабаваў уплыў мастакоў французскага Рэнесансу школы Фантэнбло, але вымушаны быў з’ехаць і, паводле «Кнігі пра мастакоў» К. ван Мандэра, у 1581 годзе паступіў у навучанне у майстэрню Жыля Куанье ў Антверпене.
У 1583 годзе Карнеліс вярнуўся ў Харлем, дзе ён заставаўся да канца свайго жыцця. Ён стаў паважаным членам абшчыны і ў тым жа годзе атрымаў сваю першую афіцыйную замову ад горада на групавы партрэт «Банкет Харлемскай грамадзянскай гвардыі». Ён стаў гарадскім мастаком Харлема і атрымліваў шматлікія афіцыйныя замовы. Як партрэтыст Карнеліс ван Харлем аказаў вялікі ўплыў на творчасць Франса Халса. Каля 1600 года ён ажаніўся з Марытген Дэйман, дачкой мэра Харлема. У 1605 годзе атрымаў у спадчыну трэць стану свайго багатага цесця. Памёр Карнеліс ван Харлем у родным горадзе ў 1638 годзе, ва ўзросце 76 гадоў.