wd wp Пошук:

Карасукская археалагічная культура

Карасу́кская культураархеалагічная культура позняга бронзавага веку на тэрыторыі поўдню Сібіры і Казахстана ў XIII ст. да н.э. — IX ст. да н.э.

Помнікі Карасукскай культуры пачалі даследвацца з 1884 г. У 1920-я гг. расійскі археолаг С. А. Цеплаухаў вылучыў яе ў самастойную культуру. Назву атрымала паводле наймення ракі ў Мінусінскай катлавіне, дзе вяліся раскопкі.

Носьбіты Карасукскай культуры жылі ў селішчах, будавалі драўляныя хаціны каркасна-слупавай канструкцыі, якія памяшчалі на каменныя пліты. Дах ацяплялі зямлёй. У цэнтры месціўся агмень. У сценах рабілі нішы з каменнымі плітамі, часам з выявамі.

Магільні складаліся з квадратных, радзей круглявых агарож. Знутры хавалі нябожчыкаў у скрынях з каменных пліт. Скрыні заглыблялі да 1 м. У галавы змяшчалі 1–2 керамічныя пасудзіны, у нагах, на драўляным падносе, — часткі тушы барана, каровы, радзей каня, канец ляза ці цэлы бронзавы нож.

Асновай гаспадаркі з’яўлялася аселая жывёлагадоўля. Карасукцы аднымі з першых у рэгіёне пачалі трымаць коней. Здабывалі медзь, займаліся вытворчасцю бронзы. Шырокае распаўсюджанне атрымалі мячы і нажы карасукскага тыпу — двухлёзавыя з прамым перакрыжаваннем і грыбападобным навершам і выгнутыя адналёзавыя з геаметрычным арнаментам і выявамі жывёл. У магільнях знойдзены розныя ўпрыгожванні: ланцужкі, завушніцы, кольцы, падвескі і г. д. Керамічныя пасудзіны шарападобныя, з круглявым дном.

Носьбітаў карасукскай культуры атаесамляюць з нашчадкамі Андронаўскай археалагічнай культуры. Антрапалагічныя даследаванні рэштак нябожчыкаў паказалі, што яны былі еўрапеоідамі, блізкімі да сучасных насельнікаў Паміра і Ферганскай даліны.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Бронзавы век
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Расіі
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Азіі