Канюхо́ўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Канюхі.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года як Глебавіцкі сельсавет у складзе Крынкаўскага раёна Беластоцкай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Глебавічы. З 20 верасня 1944 года ў Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці. З 25 снежня 1962 года па 30 ліпеня 1966 года ў Свіслацкім раёне. 12 лістапада 1973 года сельсавет перайменаваны ў Канюхоўскі, цэнтр перанесены ў вёску Канюхі[1]. 18 кастрычніка 2013 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Макаравецкага сельсавета (19 населеных пунктаў: аграгарадок Макараўцы, вёскі Астапкаўшчына, Белакозы, Вішнеўка, Генюшы, Ігнатавічы, Кудрычы, Курчоўцы, Лапенеўцы, Лішкі, Парэчча, Пачобуты, Пяцельчыцы, Русакі, Рэпавічы, Сямёнаўка, Трахімы, хутары Дольны Уснар і Служкі)[2].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (10 населеных пунктаў) — 724 чалавекі[3], з іх 72,7 % — беларусы, 19,1 % — палякі, 5,9 % — рускія[4].