Канстанцін Бранкузі (Брынкушы, Брынкуш, рум.: Brâncuşi/Brîncuşi, фр.: Brancusi, 19 лютага 1876, сяло Хобіца, Алтэнія, Румынія — 16 сакавіка 1957, Парыж) — французскі скульптар румынскага паходжання, адзін з галоўных заснавальнікаў стылю абстрактнай скульптуры, выбітны прадстаўнік парыжскай школы, які мае сусветнае імя ў авангардным мастацтве XX стагоддзя.
Адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07).
Працаваў галоўным чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манументальна-дэкаратыўных і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным архітэктурна-скульптурным комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага народнага мастацтва.
Яго імя носіць Тыргу-Жыускі ўніверсітэт імя Канстанціна Бранкузі.