Гэты артыкул — пра візантыйскага імператара VII стагоддзя. Пра рымскага ўзурпатара V стагоддзя гл. Канстант II, узурпатар.
Канстант II (7 лістапада 630 — 15 верасня 668) — візантыйскі імператар у 641—668 гадах, сын Канстанціна III, унук Іраклія.
Канстант II прыйшоў да ўлады, устараніўшы мачаху Марціну і дзядзьку Іраклона.
Вёў актыўную, але не вельмі ўдалую знешнюю палітыку. У 654 годзе флот Канстанта быў разгромлены арабамі ля берагоў Лікіі, імператар цудам пазбег палону. Арабскі флот меў відавочную перавагу перад візантыйцамі і збіраўся плыць ужо на Канстанцінопаль, але з-за распачатай міжусобіцы сярод арабаў паход так і не адбыўся, халіф і імператар заключылі мір, які даў невялікую прадышку Візантыі. У 663 годзе спрабаваў заваяваць Італію, але панёс цяжкае паражэнне, страціўшы ў бітве з каралём лангабардаў Грымаальдам 20 000 чалавек. Здолеў утрымаць за сабой Сіцылію.
Перанёс сваю рэзідэнцыю ў Сіракузы, куды звёз творы мастацтва, захопленыя ў Рыме. З-за здзейсненага ім братазабойства, цяжкіх падаткаў, прыхільнасці дамонафелітызму быў нелюбімы народам. Няўдачы ў знешняй палітыцы канчаткова пазбавілі яго папулярнасці.
Забіты змоўшчыкамі падчас купання. Па словах Феафана Спавядальніка, нехта Андрэй, які прыслугоўваў яму падчас мыцця, стукнуў імператара ражкай па галаве ў тую хвіліну, калі той намыліў яе. Аглушаны Канстант зваліўся ў ваду і захлынуўся.