Камітэ́т абаро́ны журналі́стаў (КАЖ, англ.: Committee to Protect Journalists, CPJ) — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая займаецца зборам інфармацыі пра рэпрэсіі і забойствы журналістаў па ўсім свеце. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Нью-Ёрку[2].
У 1981 годзе група амерыканскіх карэспандэнтаў за мяжой заснавала КАЖ у адказ на пагрозы з боку аўтарытарных урадаў.
КАЖ ладзіць рашучыя публічныя пратэсты і выкарыстоўвае дыпламатычныя каналы для дасягнення эфекту. КАЖ друкуе артыкулы, прэс-рэлізы, адмысловыя справаздачы, двойчы ў год выдае часопіс «Dangerous Assignments»[3] (бел.: «Небяспечныя камандзіроўкі»), а таксама штогадовыя агляды па свабодзе прэсы ў свеце пад назвай «Attacks on the Press»[4] (бел.: «Атакі на прэсу»).
Штогод КАЖ узнагороджвае прэміяй International Press Freedom Awards журналістаў і праваабаронцаў, якія перажылі збіванні, пагрозы, застрашэнні і зняволенне за сваю працу.
Пачынаючы з 1992 года, КАЖ таксама штогадова складае спіс журналістаў, якія загінулі пры выкананні сваіх абавязкаў. З часу стварэння спісаў налічана 845 забітых журналістаў[5].
Камітэт абароны журналістаў — адзін з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі па абароне свабоды слова (IFEX), глабальнай сеткі больш чым 90 грамадскіх арганізацый, якія займаюцца адсочваннем парушэнняў у галіне свабоды выказванняў па ўсім свеце і займаюцца абаронай журналістаў, пісьменнікаў і іншых пераследаваных за спробу рэалізацыі свайго права на свабоду выказванняў.