Калона Перамогі (ням. Siegessäule) — помнік гісторыі Германіі і славутасць Берліна. Размешчана ў цэнтры парку Тыргартэн на плошчы Вялікай Зоркі. Калона была пабудавана па загадзе Вільгельма I у гонар перамогаў Прусіі ў Дацкай вайне 1864 года, Аўстра-прускай вайне 1866 года і Франка-прускай вайне 1870—1871 гадоў. На бронзавых рэльефах гранітнага цокалю намаляваныя батальныя сцэны, якія распавядаюць аб бітвах ў гэтых войнах. Калона была адкрыта 2 верасня 1873 г. у трэцюю гадавіну перамогі ў бітве пад Седанам. На вяршыні калоны ўсталяваная скульптура багіні перамогі Вікторыі вышынёй 8,3 метра і вагой 740 цэнтнераў, названая ў народзе «Залатая Эльза» (ням. Goldelse). Каб надаць годны бляск адзенням багіні, бацькі горада выдзелілі ў 1987 годзе кілаграм золата.