«Калдун Ігнат і людзі» (руск.: «Колдун Игнат и люди») — сатырычнае апавяданне сучаснага рускага пісьменніка Віктара Пялевіна, апублікаванае ў 1989 годзе. Сам Пялевін вызначыў яго жанр, як «казачка»[1]. Апавяданне з’яўляецца першым апублікаваным творам аўтара.
4 мая 1912 года протаіерэй Арсенікум прыйшоў у госці да калдуна Ігната для таго, каб паказаць апошняму ўласныя сачыненні: «Адкрыццё Св. Феакціста», «Як Міхаіл Іваныч звар’яцеў і памёр», «Апавяданне пра таракана Жу».
Апавяданне было ўпершыню апублікавана ў 1989 годзе ў часопісе «Навука і рэлігія» (у Інтэрнэце можна знайсці таксама інфармацыю, што першае апавяданне пісьменніка было апублікавана ў часопісе «Хімія і жыццё» і называлася «Дзед Ігнат і людзі»). Таксама ўвайшло ў склад зборніка апавяданняў «Relics. Ранняе і нявыдадзенае» (2005).
Як адзначыла В. У. Багданава, «важнасць апавядання для творчага станаўлення Пялевіна відавочная — у ім заключаны вызначальныя, характэралагічныя дамінанты ўсёй наступнай творчасці пісьменніка, яе важнейшыя канстанты, сутнасныя інтэнцыі, многія ключавыя паняцці, вобразы і матывы. І што яшчэ больш важна — своеасаблівасць аўтарскай пазіцыі, незвычайнасць погляду мастака на свет, характэрны для Пялевіна акцэнт на суб’ектыўных светапоглядных складніках»[2].
Па матывах апавядання ўкраінскі рэжысёр Максім Фірсенка зняў кароткаметражны фільм «Калдун Ігнат і людзі» (2017). Па словах рэжысёра, «над фільмам працавалі каля 30 чалавек, а асноўная частка здымак прайшла ў адным з дамоў у прыватным сектары Адэсы, а таксама на беразе Куяльніцкага лімана»[3][4].