Казімеж Пшэрва-Тэтмаер (Kazimierz Przerwa-Tetmajer; 12 лютага 1865, в. Людзьмеж, Польшча — 18 студзеня 1940) — польскі пісьменнік; прадстаўнік «Маладой Польшчы».
Скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве (1889). Друкаваўся з 1886.
Выдаў 8 зборнікаў вершаў (1891—1924), якім уласцівы імпрэсіяністычна-сімвалісцкі характар, метафарычнасць, музычнасць; звяртаўся да пейзажнай, інтымнай і філасофскай лірыкі. У драмах «Сфінкс» (1893), «Завіша Чорны» (1901), «Рэвалюцыя» (1906) выразныя сімвалісцкія тэндэнцыі. Сэнс быцця чалавека, праблемы сучаснасці і мастацтва ў раманах «Анёл смерці» (1898), «Пані Мэры» (1901), «Гібель» (1905); прырода, традыцыі і побыт жыхароў польскіх Татраў у цыкле апавяданняў «На Скалістым Падгаллі» (1903—10). У гістарычным рамане «Легенда Татраў» (1910—11) мастацкае асэнсаванне гісторыі Польшчы 17 ст. Раман «Канец эпапеі» (т. 1—4, 1913—17) пра вайну 1812 і ўдзел у ёй палякаў.
Асобныя творы К. Тэтмаера ў перакладзе на беларускую мову друкаваліся ў газеце «Наша ніва» (1910—13).
Адно з апавяданняў «Дудар» пераклаў на беларускую мову Вацлаў Ластоўскі[5], верш «На дзень анёла» — Алег Мінкін[6].