wd wp Пошук:

Казарчанка

Казарчанка (сербахарв.: Козарчанка/Kozarcanka, «Кабета з Казары») — фатаграфія перыяду Другой сусветнай вайны, зробленая югаслаўскім фатографам рускага паходжання Георгіем «Жоржам» Скрыгіным. На фатаграфіі шырока ўсмешлівая югаслаўская дзяўчына-партызанка ў пілотцы-цітаўцы і з вінтоўкай на плячы. «Казарчанка» набыла вялікую папулярнасць у Югаславіі і шырока выкарыстоўвалася там у якасці знака: выява была ўлучана ў падручнікі па гісторыі, выкарыстоўвалася ў ваенных манаграфіях і шырылася на плакатах.

Перадгісторыя

У красавіку 1941 года Каралеўства Югаславія было акупавана і раздробнена сіламі Восі пад правадырствам нацысцкай Германіі. 10 красавіка 1941 года было абвешчана стварэнне Незалежнай дзяржавы Харватыя (НДХ) — марыянеткавай дзяржавы, якая ўключала ў сябе тэрыторыю сучасных Харватыі, Босніі-Герцагавіны і часткі Сербіі, пад непасрэдным кіраваннем харвацкіх нацыяналістаў (усташаў)[1]. Палітыка НДХ у дачыненні сербаў складалася ў іх масавым знішчэнні, выгнанні і гвалтоўнай асіміляцыі[2]. У адказ народы Югаславіі, перадусім сербы, пачалі фармаваць партызанскія рухі, адзін з якіх дзеяў пад кіраўніцтвам Іосіпа Броза Ціта — лідара Камуністычнай партыі Югаславіі, і стаў вядомы як Народна-вызвольная армія Югаславіі[3]. У снежні 1943 — студзені 1944 гадоў 11-я Краінская брыгада Народна-вызвольнай арміі ажыццяўляла атакі на немцаў і ўсташаў у раёне Казары, у паўночнай Босніі, каб адцягнуць войскі праціўніка ад партызан у Баніі і на ўсходзе Босніі, дзе сілы Восі праводзілі антыпартызанскія аперацыі[4].

Фатаграфія і яе аб’ект

Зімой 1943—44 гадоў трупа Тэатра народнага вызвалення сустрэла калону партызан з 11-й Краинской брыгады непадалёк ад Казары. Балетмайстар трупы, Георгій «Жорж» Скрыгін, сын рускага эмігранта, таксама быў вядомым майстрам мастацкай фатаграфіі і не раз ганараваўся многіх прэстыжных узнагарод за свае здымкі[5][6][7]. Скрыгін папрасіў камандзіра партызанскай брыгады даць яму сфатаграфаваць дзяўчыну-партызанку. Камандзір адабраў пяць санітарак, сярод якіх Скрыгін выбраў 17-гадовую Мілю Тораман(сербахарв.: Milja Toroman)[5][8]. Тораман была баснійскай сербкай з вёскі Брэкіна, каля Дубцы, у падножжа гары Казара[9]. Скрыгин надзеў на дзяўчыну кофту, павесіў ёй на плячо вінтоўку, ссунуў набакір яе цітаўку з чырвонай зоркай і прыгладзіў валасы. Сказаўшы дзяўчыне ўсміхнуцца[8], Скрыгин зрабіў здымак з дапамогай фотаапарата Rolleiflex[10].

У 1968 годзе Скрыгин выдаў кнігу пад назвай «Вайна і сцэна», дзе фатаграфія Мілі Тораман названа «Казарчанка». Суправаджалы надпіс, не згадваючы імя аб’екта фота, абвяшчае: «Маладая дзяўчына трапіла ў палон падчас першага варожага наступлення. Ёй атрымалася бегчы, нават з Германіі, і дабрацца да Казары, дзе яна далучылася да казарскіх узброеных сіл».

У 1946 годзе Міля Тораман выйшла замуж за Пера Марына[5], які ваяваў у складзе казарскага партызанскага атрада з 1941 года[8][11]. Пара жыла ў Прыедары, дзе ў яе нарадзілася пяцёра дзяцей. У 2007 годзе Марын дала інтэрв’ю, што падчас здымак ёй зусім не хацелася ўсміхацца з-за нягод вайны, якія ёй давялося перанесці[8]. Паводле слоў Марын — гэта быў адзіны раз у жыцці, калі яна ўзяла ў рукі вінтоўку[12]. У лістападзе 2007 года Марын сканала ва ўзросце 81 года[5].

Значэнне

Пасля вайны фота «Казарчанка» атрымала шырокую слыннасць, стаў адным са знакаў партызанскага руху Югаславіі і, асабліва, гераічнага супраціву кабет-югаславак[12]. Выява кабеты-партызанкі актыўна выкарыстоўвалася ўрадам Ціта ў якасці яднальнага пачатку ў шматкультурнай краіне[13]. «Казарчанка» была ўлучана ў падручнікі гісторыі, ваенныя манаграфіі і выкарыстоўвалася на плакатах[8][14]. Аднак, нягледзячы на папулярнасць, асобу дзяўчыны не расчынялася, бо публікацыя дакладных звестак пра акалічнасці, пры якіх была зроблена фатаграфія, магла нашкодзіць яе ідэалагічнай значнасці. Пасля першых шматпартыйных выбараў у Югаславіі, а потым і яе распаду фота страціла ідэалагічнае значэнне, і пра асобу Марын стала вядома шырокім масам[14].

Заўвагі

  1. Roberts, 1987, pp. 15–19
  2. Vucinich, 1949, pp. 355–358
  3. Roberts, 1987, pp. 20–24
  4. Milinović, Karasijević, pp. 141, 165, 186
  5. 1 2 3 4 R.R., 2007, para. 1–4
  6. Todić, 2013, p. 40
  7. Арсеньев, 2012, para. 1–3
  8. 1 2 3 4 5 Kovačević, 2007, para. 1–7
  9. Lukić, 1984, p. 36
  10. Malić, 1997, p. 29
  11. Ćurguz, Vignjević, p. 218
  12. 1 2 Vittorelli, 2015, pp. 126–30
  13. Batinić, 2015
  14. 1 2 Todić, 2013, pp. 45–46

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 2007 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў Прыедары
Катэгорыя·Жанчыны ў войнах
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй месца смерці ў картцы
Катэгорыя·Памерлі 10 лістапада
Катэгорыя·Югаслаўскія партызаны