Зя́бкаўскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Зябкі.
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Пліскага раёна Вілейскай вобласці БССР шляхам аб’яднання скасаваных Асінаўскага і Міцькаўскага сельсаветаў[1]. 24 красавіка 1959 года ў склад Псуеўскага сельсавета перададзены 11 населеных пунктаў (Асінаўка, Гарані, Гразі, Дзіўнікі, Завулак Літоўскі, Завулак Рускі, Скрабатуны, Сшо, Церасполле, Хралы і Янова)[2]. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. 3 ліпеня 1970 года ў склад сельсавета з Псуеўскага сельсавета перададзены 20 населеных пунктаў (вёскі Баравое, Барыскавічы, Гарохаўе, Дворыца, Крывічы, Прошкава, Прудаўё, Юркава і хутары Азёркі, Вусце, Выгары, Дварэц, Купелі, Малы Бор, Падавуты, Старына, Старыца, Хвашчова, Цагельня і Шабаны), наўзамен у склад Псуеўскага сельсавета перададзены 14 населеных пунктаў (вёскі Бабуліна, Васькавічы, Запалле, Ляпейкі, Чашкі і хутары Баяры, Бондары, Гаравыя, Гваздова, Каменкі, Карчомнае, Лаза, Паўлаўшчына, Целяшы)[3]. 19 мая 1972 года ў склад Празароцкага сельсавета перададзены 26 населеных пунктаў (вёскі Ананічы, Багушэвічы, Барсукі, Замхава, Ласі, Лісіцы-I, Сахнавічы, Шчаўкуны і хутары Бабічы, Зароўе, Іосіфаўшчына, Курачына, Кучыншчына, Лапезы, Ластавікі, Лісіцы-II, Мазурава-I, Мазурава-II, Міцькі, Павіншчына, Пруднікава, Рамашкі-I, Рамашкі-II, Рослева, Станулева, Угрова)[4].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 981 чалавек[5], з іх 88,6 % — беларусы, 8,0 % — палякі, 2,3 % — рускія[6].
У 2021 годзе ў сельсавеце пражывала 688 чал.[7]
Да 2016 года працавала некалькі ўстаноў адукацыі.
Станам на 2021 год на тэрыторыі сельсавета працавалі: сельскагаспадарчы філіял «Прошкава», кар’ер «Баравое» ВРУП «Наваполацкжалезабетон», Прошкаўскае лясніцтва Глыбоцкага вопытнага лясгаса, дзіцячы лагер «Ізумрудны» і дзве чыгуначныя станцыі (Зябкі і Баравое)[7].