wd wp Пошук:

Земскі сход Эстляндыі

Земскі сход Эстляндыі (эст.: Eestimaa Kubermangu Ajutine Maanõukogu, Eesti Maanõukogu), скарочана Маапяеў (эст.: Maapäev) быў скліканы пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 як нацыянальны сход Эстляндскай губерні(англ.) бел. Расійскай імперыі.

28 лістапада 1917 года, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, сход самаабвясціўся суверэннай уладай Эстоніі і заклікаў да выбараў у Эстонскі ўстаноўчы сход. Аднак ва ўмовах надыходу нямецкіх войскаў ён прызначыў Камітэт выратавання Эстоніі і 24 лютага 1918 выдаў Дэкларацыю незалежнасці.

Гісторыя

12 красавіка 1917 года Часовы ўрад Расіі выдаў дэкрэт пра часовую аўтаномію Эстляндыі. Эстляндская губерня была аб’яднаная з эстонамоўнай паўночнай часткай Ліфляндскай губерні і пераўтвораная ў аўтаномію. Часовы ўрад Расіі таксама пастанавіў стварыць земскі сход шляхам ускосных выбараў.

Абранне 62 дэпутатаў праходзіла ў некалькі этапаў; прадстаўнікі ад вясковых грамадаў абіраліся двухузроўневымі выбарамі ў траўні-чэрвені, гарадскія прадстаўнікі абіраліся ў ліпені-жніўні 1917. Дзеля ўдзелу ў выбарах ствараліся і рэарганізоўваліся партыі.

У склад сходу трапілі прадстаўнікі шасці партый, тры незалежныя дэпутаты і два прадстаўнікі нямецкай і шведскай меншасцей.

Партыя Ідэалогія дэпутатаў % ад агульнай
Эстонскі краёвы народны саюз(эст.) бел. (з Эстонскім фермерскім звязам) аграрная, кансерватыўная 13 23,6%
Эстонскае сацыял-дэмакратычнае задзіночанне(англ.) бел. сацыял-дэмакратычная 9 16,4%
Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў сацыяльна-рэвалюцыйная 8 14,5%
Эстонская дэмакратычная партыя(эст.) бел. правацэнтрысцкая 7 12,7%
Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, бальшавікоў(руск.) бел. камуністычная 5 9,1%
Эстонская радыкальная сацыялістычная партыя(эст.) бел. левая 4 7,3%
Эстонская радыкальная дэмакратычная партыя(эст.) бел. ліберальная 4 7,3%
Балтыйскія немцы інтарэсы меншасці 1 1,8%
Эстонскія шведы інтарэсы меншасці 1 1,8%
Незалежныя 3 5,5%

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе, калі бальшавіцкі Эстонскі рэвалюцыйны камітэт зладзіў пераварот, Маапяеў адмовіўся прызнаць іх уладу. Бальшавікі здзейснілі спробу распусціць сход. На сваім апошнім пасяджэнні 15 лістапада (28 лістапада) Маапяеў абвясціў сябе найвышэйшай законнай уладай Эстоніі да склікання Устаноўчага сходу. 26 лістапада Земскі сход быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі[1], і яго члены працягнулі дзейнасць у падполлі.

У зладжаных бальшавікамі на пачатку 1918 года выбарах ва Устаноўчы сход дзве траціны выбаршчыкаў падтрымалі партыі, якія дамагаліся нацыянальнай дзяржаўнасці. Пасля гэтага бальшавікі абвясцілі выбары несапраўднымі і анулявалі іх вынікі. 19 лютага Камітэт старэйшынаў Земскага сходу Эстляндыі вырашыў абвясціць незалежнасць. Дзеля гэта мэты быў створаны Камітэт выратавання (у складзе трох членаў, абраных Маапяевам на час, пакуль дзейнасць Устаноўчага сходу немагчымая). 24 лютага, калі бальшавікі пакінулі Талін перад уваходам у яго нямецкіх войскаў, Камітэт выратавання апублікаваў Дэкларацыю незалежнасці Эстонскай рэспублікі.

Пасля сканчэння нямецкай акупацыі Маапяеў працягваў сваю дзейнасць да 1919 года.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Maesalu, Lukas, Lauer, Pajur and Tannberg, History of Estonia, AS BIT 2002, ISBN 9985-2-0606-1
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1917 годзе
Катэгорыя·Колішнія заканадаўчыя органы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Выбары 1917 года
Катэгорыя·Выбары ў Эстоніі
Катэгорыя·Зніклі ў 1919 годзе