Заходні Сулаве́сі (індан.: Sulawesi Barat) — правінцыя на захадзе вострава Сулавесі ў Інданезіі. Плошча - 16 787,18 км². Насельніцтва (2014 г.) - 1 284 620 чал. Падзяляецца на 5 акруг. Адміністрацыйны цэнтр — Мамуджу.
Правінцыя Заходні Сулавесі займае заходнюю частку вострава Сулавесі, мяжуе з правінцыямі Цэнтральны і Паўднёвы Сулавесі, на захадзе — з Макасарскім пралівам. Працягласць берагавой лініі — каля 752 км. Лясы займаюць плошчу 1 131 908 га. У іх захаваліся рэдкія віды флоры і фаўны.
Клімат экватарыяльны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +28 °C. З кастрычніка да сакавіка працягваецца сезон мусонаў.
Да пачатку XIX ст. на тэрыторыі Заходняга Сулавесі склалася 14 дзяржаўных аб’яднанняў Мандар, якія трапілі ў залежнасць ад Нідэрландаў. У 1950 г. яны былі далучаны да Інданезіі. У 2004 г. створана асобная правінцыя Заходні Сулавесі.
Традыцыйныя галіны эканомікі — сельская гаспадарка, лясная гаспадарка, транспарт і рыбалоўства. Правінцыя Заходні Сулавесі вядома вытворчасцю высокаякасных сартоў кавы, какава, какосаў. У 2010 г. сукупны ВУП правінцыі дасягнуў 948,5 млн долараў — значна менш, чым у сярэднім у Інданезіі. Аднак дзяржаўныя капіталаўкладанні садзейнічаюць хуткаму росту ВУП.