Закі́й[2] (трансліт.: Zakij, руск.: Закий) — вёска ў Брэсцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Мухавецкага сельсавета. Размешчаны за 17 км на паўднёвы ўсход ад Брэста, 11 км ад чыгуначнай станцыі Брэст-Паўднёвы, на захадзе — р. Каменка (прыток р. Мухавец), на ўсходзе меліярацыйны канал. Транспартныя сувязі па прасёлачнай, затым аўтадарозе Малыя Радванічы—Брэст.
У складзе дзяржаўнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Племзавод «Мухавец» (цэнтр — пас. Мухавец).
У 19 стагоддзі вёска — цэнтр маёнтка ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. Пад 1839 годам пазначана ў ліку сёл Камянец-Жыровіцкага царкоўнага прыхода. Паводле рэвізскіх матэрыялаў вёска (117 жыхароў) — уласнасць пана Выганоўскага. У 1890 годзе цэнтр Закійскай сельскай грамады, якой належала 115 дзес. зямлі. У 1897 годзе працаваў хлебазапасны магазін, ветраны млын.
У 1905 годзе вёска ў Камянец-Жыровіцкай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў складзе Польшчы, у Камянец-Жыровіцкай гміне Брэсцкага павета Палескага ваяводства.
З 1939 года ў складзе БССР. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі 72 двары, загубілі 6 жыхароў; на фронце загінула 7 вяскоўцаў, у партызанах — 5. У жніўні 1949 года арганізаваны калгас імя Варашылава, у які ўваходзіла 48 гаспадарак.