Закары Джон Куінта (англ.: Zachary John Quinto; нарадзіўся 2 чэрвеня 1977 года) — амерыканскі акцёр, які атрымаў вядомасць дзякуючы ролі серыйнага забойцы Сайлара ў серыяле «Героі» і ролі камандора Спока ў фільме 2009 года «Зорны шлях».
Куінта — напалову італьянец, напалову ірландзец.[1] Нарадзіўся ў Пітсбургу, штат Пенсільванія. Скончыў каталіцкую школу ў 1995 годзе і Універсітэт Карнегі-Мелана ў 1999 годзе[2].
На тэлебачанні ўпершыню з’явіўся ў кароткім серыяле «Іншыя» (2000 год). Пазней здымаўся ў такіх хітовых тэлесерыялах, як «CSI», «Дакрананне анёла», «Зачараваныя», «Кліент заўсёды мёртвы», «Лізі Макгуайр» і «Драгнет»[3]. У 2004 годзе ён атрымаў ролю другога плану ў серыяле «24». У ролі Адама Каўфмана Куінта з’яўляўся ў кожным эпізодзе трэцяга сезону гэтага серыяла за выключэннем аднаго. У 2006 годзе Закары стаў здымацца ў сіткаме Торы Спелінг, «So NoTORIous», а таксама ў навукова-фантастычным серыяле «Героі», дзе ён мае ролю серыйнага забойцы Сайлара.
У 2007 годзе Куінта выказаў зацікаўленасць у выкананні ролі маладога Спока ў адзінаццатым фільме з серыі «Зорны шлях»[4]. 26 ліпеня 2007 года было абвешчана, што Куінта зацверджаны на ролю Спока ў чарговым фільме «Зорнага шляху», выхад якога на экраны адбыўся 7 мая 2009 года[5].
Куінта — адкрыты гей, здзейсніў камінг-аўт 17 кастрычніка 2011 года[6].
![]() |
Закары Куінта на Вікісховішчы |
---|