wd wp Пошук:

Жан Гужон

Жан Гужон (фр.: Jean Goujon; каля 1510 — 1566—68) — французскі скульптар.

Яго творчы шлях пачаўся ў Нармандыі, дзе ў Руанскім саборы ён стварыў пышнае і складанае па кампазіцыі надмагілле Луі дэ Брэзэ (каля 1535). Пахавальня мае складанае вырашэнне: уверсе ў пралёце аркі, паміж выявамі карыятыд змешчана конная статуя рыцара, вобраз якога павінен сцвярджаць ваенную славу нябожчыка. Унізе паказаны ён сам у акружэнні манахаў. Перад гледачом паўстае ва ўсёй трагічнасці змрочнае ўвасабленне смерці. Тым не менш пануючай тэмай мемарыяльнай кампазіцыі з’яўляецца праслаўленне высакародства, велічы і сілы.

Дэкаратыўныя кампазіцыі ў атэлі «Карнавал», Парыж, 1545

3 1544 Жан Гужон працуе ў Парыжы разам з П’ерам Леско над упрыгожваннем царквы Сен-Жэрмен л’Оскеруа. У створаным скульптарам убранні амбона (рэльефы «Чатыры евангелісты», «Аплакванне Хрыста») адчуваецца моцны ўплыў позняга этапу Італьянскага Адраджэння і маньерызму. Пластычнае вырашэнне выяў, трактоўка вобразаў падпарадкаваны знешняму дэкаратыўнаму эфекту. Аднак скульптуры дасканалыя ў тэхнічных адносінах, яны вызначаюцца высокім майстэрствам выканання. Значнымі работамі майстра можна лічыць рэльеф з фігурай Славы ў палацавай капліцы ў Экуане, дэкаратыўныя кампазіцыі «Вясна»,«Лета»,«Восень»,«Зіма» ў парыжскім атэлі «Карнавал» (усе — 1545).

Найбольш вядомы твор Гужона — «Фантан німфаў» (1547—49), які ўпрыгожвалі дванаццаць рэльефаў (зараз захоўваюцца ў Луўры). Тут паказаны персанажы антычнай міфалогіі, якія ўвасабляюць сілы прыроды. На шасці вузкіх вертыкальных рэльефах выяўлены німфы крыніц — стройныя, вытанчаныя дзяўчыны з прыгожымі адухоўленымі тварамі. Яны трымаюць у руках вазы, з якіх ліецца вада. Плаўныя лініі фігур, іх складаныя павароты, зграбныя прапорцыі гарманічна спалучаюцца са складкамі адзення,ствараючы ўражанне струменяў, суцэльнага арнаменту. Аналагічнае рашэнне скульптар знаходзіць і ў трох гарызантальных рэльефах, дзе паказаны наяды і трытоны, у трох рэльефах з выявамі амураў.

Культавая, мемарыяльная і дэкаратыўная пластыка, убранне фасадаў і залаў Луўра, пластыка фантана замка Анэ, Залы задыяка Парыжскай ратушы — толькі частка работ Гужона. Астатнія скульптуры майстра страчаны. Аднак і гэтыя творы пераканаўча адлюстроўваюць пэўны этап у развіцці пластыкі Францыі. Яны паказваюць і тое, што мастацтва Адраджэння набыло сталасць, вызначаныя нацыянальныя рысы — чысціню стылю, стрыманасць, тонкае пачуццё рытму і гармоніі.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Record #135078966 // BnF catalogue généralParis: BnF. Праверана 5 лістапада 2016.
  2. LIBRIS — 2018. Праверана 24 жніўня 2018.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Руане
Катэгорыя·Мастакі Францыі
Катэгорыя·Скульптары паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Скульптары Францыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Памерлі ў Балонні
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў