wd wp Пошук:

Жаба сажалкавая

Жаба сажалкавая (Pelophylax lessonae ці Rana lessonae) — земнаводнае сямейства звычайных жаб.

Апісанне

Даўжыня цела сажалкавай жабы 4,5-7 см, маса 7,5-28 г. Цела зграбнае, злёгку ўкарочанае і расшыранае. Морда авальная, крыху завостраная. Верхняя частка цела ярка-зялёная, шэра-зялёная, карычнева-зялёная, або аліўкавая. Колькасць цёмных плям на спіне вар’іруе ў розных асобін. Нярэдка сустракаюцца экземпляры сажалкавых жаб без плям. У большасці (да 90 % асобін) уздоўж хрыбта і галавы праходзіць светлая паласа. Скура на брушку і горле белая, аднак іншы раз на ёй бываюць цёмныя плямы. Галасавыя рэзанатары самцоў белага колеру. Тулава апалонікаў авальнае, светла-аліўкавае.

Пашырэнне

Пашырана сажалкавая жаба ў цэнтральнай частцы Еўропы ад 60° пн.ш. да паўднёвых раёнаў Францыі і поўначы Балканскага паўвострава, на ўсход ад яе арэал пашыраецца да сярэдняга цячэння Волгі. Найбольш часта трапляецца разам з гібрыднай формай, значна радзей — з азёрнай жабай і толькі ў некаторых месцах — адасоблена.

У Беларусі сажалкавая жаба насяляе самыя разнастайныя вадаёмы, за выключэннем быстрых рэк. Даволі часта сустракаецца ў вільготных прыпоймавых лясах на поўдні краіны, а таксама на лугах па-за вадаёмамі.

Асаблівасці біялогіі

Біялагічныя асаблівасці сажалкавай жабы (харчаванне, размнажэнне, развіццё і характар зімовак, месцы іх насялення) амаль такія ж, як у азёрнай, з якой яна можа спароўвацца. Лічыцца, што гібрыднай форме, нібы прамежкавай па вонкавых прыкметах, уласціва вялікая прыстасавальнасць да розных умоў жыцця за кошт аб’яднання пераваг абедзвюх бацькоўскіх форм.

Корміцца гэта жаба як на сушы, так і ў вадаёмах. Рацыён сажалкавай жабы складаюць лічынкі стракоз, вадзяныя жукі, бруханогія малюскі, а таксама разнастайныя лятаючыя і паўзучыя насякомыя. Ворагі сажалкавай жабы тыя, што і ў азёрнай.

Палавой спеласці сажалкавыя жабы дасягаюць на 2-3-і год жыцця.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Земнаводныя Еўропы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Звычайныя жабы
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1882 годзе