Дзірк (Тэадор) ван Бабюрэн (каля 1595 года, Вейк-бей-Дзюрстэдэ — 21 лютага 1624, Утрэхт) — галандскі жывапісец эпохі барока. Заснавальнік і адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў утрэхцкай школы караваджызму.
Дзірк (Тэадор) ван Бабюрэн нарадзіўся каля 1595 года ў горадзе Вейк-бей-Дзюрстэдэ правінцыі Утрэхт Рэспублікі Сямі Аб’яднаных Ніжніх Земляў. У раннім дзяцінстве з бацькамі пераехаў ва Утрэхт. Жывапісу вучыўся ў майстэрні вядомага галандскага мастака-партрэтыста і старшыні гільдыі святога Лукі Паўлюса Янсана Марэльсэ. У 1611 годзе ван Бабюрэн уступіў у гільдыю мастакоў Утрэхта, што дало яму права на прафесійную дзейнасць. Для завяршэння навучання разам з Давідам дэ Хаенам ён у 1612 годзе з’ехаў у Італію. У Рыме яго мецэнатам стаў маркіз Вінчэнца Джустыніяні. У Італіі ван Бабюрэна прыцягнула наватарскае мастацтва Караваджа, пад уплывам якога канчаткова склаўся яго ўласны творчы почырк. У Караваджа ён запазычаў кампазіцыйную выразнасць, кантраснае асвятленне і імкненне да рэалістычнай выявы натуры — рысы, якія сталі характэрнымі для караваджызму. За час працы ў Італіі Дзірк ван Бабюрэн піша шэраг карцін на біблейскія тэмы, удзельнічае ў роспісе капэлы царквы Сан-П’етра-ін-Манторыа ў Рыме. У 1620 годзе мастак вяртаецца ў Нідэрланды і адкрывае сваю майстэрню ва Утрэхце. У гэты перыяд у яго творчасці пераважалі жанравыя сюжэты, для якіх былі характэрны вылучаныя на пярэдні план буйныя паўфігуры з кантраснай святлаценню, якія адрозніваюцца яркасцю колеру і тэмпераментнай манерай выканання. Многім карцінам ўласцівы адценне грубаватага натуралізму, што ў пэўнай меры было выклікам пратэстанцкай маралі. Дзірк ван Бабюрэн пайшоў з жыцця ў росквіце гадоў і свайго таленту 21 лютага 1624 года.