wd wp Пошук:

Дзмітрый Сямёнавіч Зубравіцкі

Дзмітрый Сямёнавіч «Сякіра», князь Зубравіцкі з роду Друцкіх, Мітка Сякіра, Дзмітрый Друцкі-Зубравіцкі (Митко Семенович, Митко Зубревицки, Митко Секира, dux Mithko filius Syemoni ducis Druschnensis; каля 1400 — пасля 1444) — староста асцёрскі.

Біяграфія

Сын князя друцкага Сямёна Дзмітрыевіча. У Друцкім княстве меў удзел з цэнтрам у Зубравічах на рацэ Ульянаўцы. Ад вялікага князя Вітаўта трымаў вялікую Асцёрскую воласць на левабярэжжы Дняпра ў Кіеўскай зямлі.[1]

Крыніцамі згадваецца з 1425 года, калі кароль Уладзіслаў Ягайла даў яму 60 грыўняў на перамышльскіх і драгабыцкіх саляных капальнях і львоўскім мыце. У 1427 годзе атрымаў таксама ад караля маёнткі Хлопы, Вангерчэ, Какаловічэ, Камарна, Літэўчыцэ ў Градоцкім і Кліцка ў Шчырэцкім паветах, агулам на 300 грыўняў.[1]

Паводле Хронікі Быхаўца, адыграў значную ролю ў канфлікце паміж вялікім князем Свідрыгайлам і каралём Уладзіславам Ягайлам. На баку вялікага князя Свідрыгайлы браў удзел у феадальнай вайне, у бітве пад Ашмянамі (1432) разам з братам князем Васілём Красным трапіў у палон да вялікага князя Жыгімонта. Урэшце прызнаў уладу Жыгімонта.[1]

У 7-м індыкце (прыпадае на 1429 або 1444, звычайна дакумент датуюць 1444 годам) склаў тастамент на карысць жонкі Соф’і, дзяцей і нашчадкаў. Паводле тастамента ўладанні князя Дзмітрыя Друцкага-Зубравіцкага складаліся з «двароў» Зубравічы і Хімы, «зямлі пустой» Дубровенскай, «двароў» Быхаў (напэўна, пазнейшы Новы Быхаў), Добасна і даннікаў у Турцы (сярод земляў Свіслацкай воласці).[1]

Памёр на пачатку валадарства вялікага князя Казіміра.

Сям’я

Жонка — княгіня Соф’я, невядомага паходжання. Паводле Хронікі Быхаўца, Соф’я была пляменніцай («братанкай») Ягайлы і Свідрыгайлы — дачкой князя Жэдзівіда, і ёй належалі спадчынныя правы на Падольскую зямлю, за якую і адбываўся канфлікт паміж Польшчай і ВКЛ. Аднак, Жэдзівіда сярод сыноў вялікага князя Альгерда крыніцы, апроч самой Хронікі Быхаўца, не ведаюць, а быў ён сынам нейкага князя Фёдара[2]. На думку Юзафа Вольфа, Соф’я магла быць дачкой або ўнучкай кагосьці з Карыятавічаў.[1]

Меў дачку Марыну, жонку князя Сямёна Трабскага.[3]

Ёсць думка, што мог мець яшчэ дачок, праз якіх часткі Друцкага княства трапілі да князёў Мошкаўскіх і іншых.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 57.
  2. Polechow, 2020
  3. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 58.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Друцкія
Катэгорыя·Прыхільнікі Свідрыгайлы Альгердавіча
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Аршанскім павеце (Вялікае Княства Літоўскае)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1400 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы