Джым Дайн (англ.: Jim Dine; 16 чэрвеня 1935, Цынцынаці, штат Агая) — амерыканскі сучасны мастак, адзін са стваральнікаў поп-арта.
Джым Дайн нарадзіўся ў сям’і гандляра. Адукацыю атрымаў у 1953—1958 гадах ва ўніверсітэце Цынцынаці, універсітэце Агая (Калумбус) і Бостанскай школе прыгожых мастацтваў. У 1959 годзе пераязджае ў Нью-Ёрк. Сумесна з Класам Олдэнбургам, Аланам Капраў і Маркам Ратліфам стварае Джадсан-галерэю ў Нью-Ёрку, дзе сябры арганізуюць першыя хэпэнінгі. Паміж 1960 і 1965 гадамі Джым Дайн выкладае ў Аберлінскім каледжы (Агая) і ў Ельскім універсітэце. З 1966 года працуе сумесна з шатландскім скульптарам Эдуарда Паалоцы ў Лондане. Цяпер мастак жыве і працуе ў Нью-Ёрку.
Джым Дайн вядомы як мастак, графік, скульптар, з 60-х гадоў XX стагоддзя — таксама як паэт, пазней захапляўся фотамастацтвам і мастацкай творчасцю для тэатра. У жывапісе працаваў у стылях поп-арта, абстрактнага экспрэсіянізму, а з 80-х гадоў — таксама фігуратыўнага жывапісу.
Удзельнік Венецыянскай біенале 1964 года і 4-ы дакументы (1968). Уваходзіць у топ-100 мастакоў XX—XXI стагоддзяў паводле версіі ArtFacts.net (па стане на 2012 год займае 95-е месца).