Джон Роберт Шрыфер (англ.: John Robert Schrieffer; 31 мая 1931, Оўк-Парк, штат Ілінойс, ЗША — 27 ліпеня 2019, Талахасі, Фларыда, ЗША) — лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне фізікі (1972) (сумесна з Джонам Бардзіным і Леонам Н. Куперам) за стварэнне БКШ-тэорыі, названай па іх ініцыялах.
Нарадзіўся ў горадзе Оўк-Парк (штат Ілінойс) у сям’і Джона Г. Шрыфера і Луізы (у дзявоцтве Андэрсан) Шрыфер. У 1940 годзе сям’я пераязджае ў горад Манхасет, штат Нью-Ёрк, а яшчэ праз дзевяць гадоў у горад Юстыс (штат Фларыда). Жывучы ў Фларыдзе, Джон любіў гуляць з самаробнымі ракетамі і радыё, што і сфармавала яго цікавасць да электратэхнікі.
Скончыўшы Юстыскую сярэднюю школу, у 1949 году Шрыфер паступае ў Масачусецкі тэхналагічны інстытут, маючы намер стаць інжынерам-электрыкам. Праз два гады ён абірае сваёй спецыяльнасцю фізіку і ў 1953 годзе атрымлівае ступень бакалаўра пад кіраўніцтвам Джона К. Слэтэра. У 1954 г. ён абараняе ва ўніверсітэце штата Ілінойс дысертацыю, выкананую пад кіраўніцтвам Джона Бардзіна, і атрымлівае ступень магістра. Дысертацыя была прысвечана даследаванню электроннай праводнасці на паверхні паўправадніка. Па завяршэнні працы над дысертацыяй ён далучаецца да Бардзіна ў даследаванні з’явы звышправоднасці і уласцівасцяў рэчыва пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля.
У 1956 г. Шрыфер, Бардзін і Купер распрацавалі тэорыю звышправоднасці крышталічных цвёрдых тэл, заснаваную на ўяўленні пра звышцякучасць купераўскіх пар электронаў. За ўклад у тэорыю звышправоднасці Шрыфер ў 1957 г. атрымаў доктарскую ступень у Ілінойскім універсітэце.
У 1957—1958 гг. на правах постдактаранта Нацыянальнага навуковага фонду Шрыфер займаўся даследаваннем звышправоднасці ў Бірмінгемскім універсітэце (Англія) і ў Інстытуце Нільса Бора ў Капенгагене (Данія). У Капенгагене ў 1960 г. ён сустрэў Ганнэ Грэтэ Томсен. Праз некалькі месяцаў яны пажаніліся. У іх дзве дачкі і сын.
У 1964, Шрыфер публікуе сваю кнігу аб тэорыі БКШ, «Theory of Superconductivity».У 1957—1960 гг. Шрыфер выкладаў фізіку ў Чыкагскім універсітэце, у 1959—1960 гг. ва універсітэце штата Ілінойс, у 1962 г. у Пенсільванскім універсітэце, у 1969—1975 гг. ў Карнельскім універсітэце і з 1975 г. — у Каліфарнійскім універсітэце ў Санта-Барбары. Ён займаецца таксама даследаваннем магнітных уласцівасцяў матэрыялаў, уласцівасцяў сплаваў і паверхневых эфектаў.
У 1972 г. Шрыферу, Куперу і Бардзіну была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіцы «за створаную іх сумеснымі намаганнямі тэорыю звышправоднасці, звычайна званую тэорыяй БКШ».
9 лістапада 2005 г. быў прысуджаны да двух гадоў турэмнага зняволення за ненаўмыснае забойства (аўтакатастрофу па яго віне).