wd wp Пошук:

Джон Літау

Джон Лі́таў (па-англійску: John Lettou; XV стагоддзе) — адзін з англійскіх першадрукароў, заснавальнік друкарні ў Лондане.

Паходжанне

Пра ранняе жыццё амаль нічога невядома. Мянушка Літаў паказвае на яго замежнае паходжанне. Пры ўмове, што Lettou — гэта старажытнаанглійская назва Літвы, ён быў ураджэнцам ВКЛ. У гэтым выпадку, па-беларуску яго імя гучыць як Ян (Іван) Літвін. Але англійскі даследчык Эдвард Говард Даф у сваёй кніжцы “Першадрукі” (Early Printed Books) сцвяржае, што кнігі Джона Літаў вельмі падобныя да тых, што ў свой час надрукаваў Мацей Мараўскі, які дзейнічаў у Неапалі. Аднак у іншай сваёй кніжцы “Пачаткі кнігадрукавання ў Англіі” (Early English printing), Даф адзначае аднолькавасць манеры друку (за выключэннем некаторых вялікіх літараў) Джона Літоў і Яганэса Брэмера “Булле”, які ў 1478 і 1479 г. надрукаваў дзве кнігі ў Рыме.

Дзейнасць

У 1480 г. распачаў сваю друкарскую дзейнасць у Лондане. Першай з яго друку выйшла індульгенцыя Джона Кейдала ўдзельнікам змагання з туркамі. Першай кнігай, якую ён надрукаваў, была “Quaestiones Antonii Andreae super duodecim libros metaphysicae Aristotelis” (1480), другой — “Thomas Wallensis super Psalterum” (1481). Абедзьве кнігі былі выдадзены на сродкі Уільяма Уілкака, пра якога нічога невядома, акрамя таго, што ў 1487 г. ён жыў у Лондысэлі. Стыль, які ўжываў Джон Літаў, пасля быў запазычаны Уільямам Кэкстанам. Акрамя гэтага, Літаў першы ў Англіі пачаў выкарыстоўваць напісанне тэкста ў дзве калонкі.

Трохі пазней да Літаў далучыўся Уільям дэ Манчлія (верагодна, з гораду Мішлен у Бельгіі). У асноўным яны друкавалі зборнікі законаў, але невядома, ці быў гэта ўрадавы заказ. Толькі адна з вядомых пяці іх кніг (Tenores Novelli) мае выхадныя дадзеныя, але ніводная не мае даты выдання. Паводле калафона, друкарня размяшчалася ў Лондане, “juxta ecclesiam omnium sanktorum” (каля касцёла Усіх Святых), але, паколькі такіх касцёлаў было шмат, вызначыць дакладнае месца немагчыма. Пасля выдання гэтых пяці кніг імя Літаў больш не ўзгадваецца. У 1483 г. Уільям дэ Манчлія заснаваў уласную друкарню.

Знешнія спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Ізаляваныя артыкулы/сірата0
Катэгорыя·Першадрукары
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Друкары Англіі