wd wp Пошук:

Данііл Юльянавіч Крыўчэня

Данііл Юльянавіч Крыўчэня (нар. 16 сакавіка 1938, в. Вярхі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства) — урач-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны.

Біяграфія

Бацька Данііла быў служачым, працаваў на чыгунцы, маці — адмысловая краўчыха. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся ў родную вёску, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка, і дзе бяспечней было жыць. Пасля вайны сям’я зноў пераехала ў Брэст.

У 1954 годзе Данііл Крыўчэня скончыў сярэднюю школу № 3 г. Брэста з срэбраным медалём і паступіў у Кіеўскі медыцынскі інстытут (1960). Затым тры гады малады ўрач працаваў хірургам у Чаркаскай абласной туберкулёзнай бальніцы.

У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Адкрыты артэрыяльны праток, дыягностыка, гемадынаміка і хірургічнае лячэнне» з правам самастойнага выканання аперацый не толькі пры лёгачных, але і сардэчных захворваннях. У 1978 годзе ім была абаронена доктарская дысертацыя «Хірургічнае лячэнне набытых парокаў сэрца ў дзяцей і падлеткаў». Аперацыі на сэрцы Данііл Юльянавіч укараніў у практыку са знакамітым савецкім хірургам акадэмікам Аляксандрам Аляксеевічам Шалімавым. У 1971—1981 гадах па даручэнні А. А. Шалімава ўзначальваў арганізацыю працы сардэчна-сасудзістага аддзялення на новай клінічнай базе — бальніцы «Медгарадок» Кіеўскага НДІ з поўным аб’ёмам аперацый на сэрцы. Адначасова ў 1980—1992 гадах заснаваў і кіраваў кафедрай дзіцячай хірургііў Інстытуце ўдасканалення ўрачоў, а ў 1981—2005 гадах — заснавальнік і загадчык клінікі складаных парокаў развіцця ў дзяцей у Інстытуце педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі АМН Украіны.

У 1992—2011 гадах Данііл Юльянавіч — загадчык, з 2011 года — прафесар кафедры дзіцячай хірургіі Нацыянальнага медыцынскага ўніверсітэта імя А. А. Багамольца. У 1989—2004 гадах — ён галоўны дзіцячы хірург Міністэрства аховы здароўя Украіны, у 1991—2016 гадах з’яўляўся прэзідэнтам Усеўкраінскай асацыяцыі дзіцячых хірургаў. Акадэмік Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны (1993), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1997), лаўрэат міжнароднай прэміі «Залаты ОЦІС» (Польшча) 2006 года, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Украіны 2008 года за распрацоўку методык аперацый у дзяцей.

14 лістапада 2017 года ў Нацыянальнай навуковай медыцынскай бібліятэцы Украіны Д. Ю. Крыўчэня прадставіў атлас «Парокі развіцця дыхальнай сістэмы», створаны ім сумесна з дацэнтам кафедры дзіцячай хірургіі НМУ імя А. А. Багамольца Яўгенам Рудэнка. Над атласам яны працавалі на працягу трох гадоў, а матэрыял выкарыстоўвалі па выніках дзесяцігадовых даследаванняў.

Навуковая дзейнасць

Аўтар больш за 350 навуковых прац, у тым ліку больш за 15 — у замежных выданнях, 5 манаграфій і некалькіх навучальных дапаможнікаў. Мае 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на метады аперацый і хірургічныя інструменты. Падрыхтаваў чатырох дактароў і 28 кандыдатаў медыцынскіх навук. Удзельнік шматлікіх міжнародных з’ездаў і канферэнцый.19-22 кастрычніка 2017 года ў Львове адбылася Украінска-польская канферэнцыя «Дні дзіцячай хірургіі», на якой праведзены майстар-клас па «жывой хірургіі», у тым ліку прафесарам Д. Ю. Крыўчэней.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Медыкі Украіны
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1938 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 16 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Брэсцкім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Жабінкаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Дактары медыцынскіх навук
Катэгорыя·Асобы