Дажджавік, Пархавік[1] (Lycoperdon) — род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў.
Пладовыя целы шара-, груша-, галоўчата-падобныя, сядзячыя або з несапраўднай ножкай, з белымі ніткамі міцэлію каля асновы, дыяметрам 1—20 см. Абалонка (перыдый) двухслаёвая. Вонкавы слой шыпаваты, ігольчасты, дробнабародаўчаты, лёгка ападае, унутраны — буры, падобны на паперу. Глеба (мякаць) белая, мяккая, пры выспяванні бледна-аліўкавая, парашкаватая. Споры шарападобныя, гладкія або бародаўчатыя, часам з доўгімі прыдаткамі.
Каля 50 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі найбольш вядомыя дажджавік жамчужны, або шыпаваты, ці сапраўдны (Lycoperdon perlatum), дажджавік грушападобны (Lycoperdon pyriforme); таксама адзначаны дажджавікі маленькі (Lycoperdon pusillum), імшысты (Lycoperdon muscorum), вожыкападобна-калючы (Lycoperdon echinatum).
Ядомыя ў маладым узросце.