wd wp Пошук:

Гінкга

Гінкга[1] (Ginkgo) — манатыпны род голанасенных раслін сямейства гінкгавых, вядомы адзін від — гінкга двухлопасцевы (Ginkgo biloba). Старажытны рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геалагічны ўзрост віду каля 50 млн гадоў).

Апісанне

Парасткі на галіне.

Двухдомнае лістападнае дрэва вышынёй да 30—40 м і дыяметрам ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзісіая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, з паўкруглай пласцінкай і характэрным жылкаваннем, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках, ападае на зіму. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см), з мясістай вонкавай і цвёрдай унутранай абалонкай.

Драўніна.

Мае парасткі двух тыпаў — падоўжаныя (аўксібласты) і пакарочаныя (брахібласты). На падоўжаных парастках лісты размешчаны адзіночна, на пакарочаных — сабраны пучкамі па 5—7. Анатамічная будова сцябла тыповая для хвойных: слабаразвіты асяродак, другасная драўніна пікнаксільная (шчыльная) з трахеід i асяродкавых прамянёў, камбій, кара.

Пашырэнне

У мезазоі гінкгавыя былі шырока распаўсюджаны на зямлі (Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвае паўшар’е). Выміранне гінкгавых пачалося з мелавога перыяду.

Гінкга ў Японіі.

Пашыраны ў Паўднёва-Усходняй Азіі (Усходні Кітай, Японія), утварае лясы з іншымі дрэвамі. На тэрыторыі Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900 года) як дэкаратыўная расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.

Асаблівасці біялогіі

Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Светлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў від, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).

Расліна двухдомная. Мужчынскае «суквецце» мікрастробіл мае выгляд каташка. Каташкі размешчаны на верхавіне скарочанага парастка. На восі каташка размешчаны мікраспарангіяфоры. Кожны мікраспарангіяфор нясе звычайна 2, радзей 3—7 мікраспарангіяў. Мікраспоры без паветраных мяшкоў. Мікраспоры прарастаюць у зарастак яшчэ ўнутры мікраспарангія. Прарастанне мікраспоры гінкга, працэс утварэння мужчынскага гаметафіта, апладненне, фарміраванне зародка і насення ў цэлым падобна на сагаўнікавыя.

Семязавязі ў колькасці двух развіваюцца на верхавіне скарочанага парастка. Кожная семязавязь акружана ў аснове кальцавым валікам.

Выкарыстанне

Гінкга ў Гомельскім парку.

Дэкаратыўнае дрэва, прыдатнае для вырошчвання ў садах і парках. Лекавая расліна. Семя ядомае.

Зноскі

  1. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Минск: «Наука и техника», 1967. — С. 60. — 160 с. — 2 350 экз.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дрэвы
Катэгорыя·Віды, якія знаходзяцца ў небяспецы
Катэгорыя·Флора Усходняй Азіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Расліны паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Голанасенныя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Энтэагены
Катэгорыя·Манатыпныя роды раслін
Катэгорыя·Расліны, апісаныя ў 1771 годзе
Катэгорыя·Лекавыя расліны
Катэгорыя·Дэкаратыўныя расліны