У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Хол (значэнні).
Грэнвіл Стэнлі Хол (англ.: Granville Stanley Hall; 1 лютага 1846, г. Ашфілд, штат Масачусетс, ЗША — 24 красавіка 1924) — амерыканскі псіхолаг; адзін з заснавальнікаў педалогіі, прыхільнік эксперыментальнай педагогікі.
У 1878—80 вучыўся ў Германіі ў Г. Т. Фехнера, В. Вунта і інш. 3 1881 прафесар універсітэта Дж. Хопкінса (г. Балтымар). У 1889—1920 прафесар і прэзідэнт Кларкскага ўніверсітэта, дзе стварыў першы ў ЗША інстытут дзіцячай псіхалогіі. Адзін з арганізатараў і першы прэзідэнт (1892) Амерыканскай псіхалагічнай асацыяцыі.
Пры даследаванні дзіцячай псіхікі выкарыстоўваў апытальнікі, у якіх дзеці паведамлялі пра свае пачуцці (маральныя, рэлігійныя і інш.), адносіны да іншых людзей. Методыка такіх апытанняў сустрэла рэзкую крытыку, бо паведамленні дзяцей прызнаваліся за дакладную крыніцу інфармацыі пра саміх сябе. Прытрымліваўся тэорыі рэкапітуляцыі, паводле якой дзіця ў сваім псіхічным развіцці паўтарае стадыі развіцця псіхікі чалавечага роду («Праблемы выхавання», т. 1—2, 1911).