wd wp Пошук:

Глазінінская зямля

Глазінінская, Глазынінская зямля — мясцовасць прылеглая да Гомеля («при месте Гомельском») у 2-й палове XVI ст., адзін з першых вядомых цяпер гомельскіх мікратапонімаў.

Гісторыя

У 1560 годзе лістом вял.кн. Жыгімонта Аўгуста гэтая ворная зямля сярэдняй якасці («грунту среднего») пацверджана як ранейшае наданне гаспадара Якіму Паповічу, прозвішча якога сведчыць пра паходжанне з сям’і святара. Паводле «Рэестру рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» (1560) названы Якім Паповіч штогод мусіў плаціць з надзелу «до скарбу господарского з кождое бочки земли за цынш, за жито, за овес по два гроши и по два пенези; за дань грошовую копа одна, грошей двадцать».

Назва

У публікацыях «Рэестра рэвізіі гаспадарскай Гомельскай воласці» 1560 года назва зямлі даецца як «Глазынінская» (1853) і «Глазінінская», або «Гразоўская» («тая земля Гразовская», 1886). Прычыну варыяцыі ў другой публікацыі вызначыць цяжка, не выключана памылка публікатараў 1886 года. Таксама, магчыма, дублетнасць назвы можна тлумачыць праз традыцыяю балта-славянскага ўзаемадзеяння – тады тапонім «Глазінінская» паходзіць з літоўскага «gleizavóti», «gleiznóti» (пэцкаць, брудзіць, гразніць), а «Гразоўская» — старабеларускі пераклад балцкай назвы. Нельга выключаць, што перад Якімам Паповічам названы надзел трымаў нейкі Глазыня, а перад або пасля яго асоба з мянушкай ці прозвішчам корню Гроз-/Граз-.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гістарычныя раёны Гомеля