Гару́цішкі[1] (трансліт.: Haruciški, руск.: Гарутишки) — вёска ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Путчынскага сельсавета. За 10 км ад Дзяржынска, 52 км ад Мінска, 12 км ад чыгуначнай станцыі Койданава.
Уваходзіла ў склад Койданаўскага графства князёў Радзівілаў. Потым пэўны час належала роду Таргоня-Жыдовічаў герба «Любіч», даўніх прыхаджан і апекуноў койданаўскага калівінісцкага збору. У 1708 годзе возны менскі Браніслаў Багдан Таргоня-Жыдовіч пабудаваў у Гаруцішках уніяцкую Петрапаўлаўскую царкву, запісаўшы ёй 40 дзесяцін зямлі. У царкве знаходзіўся мясцовашанаваны абраз Багародзіцы ўніяцкага пісьма. У 1839 годзе царква пераведзена ў праваслаўе. У 1871 годзе на сродкі прыхаджан узведзены новы будынак царквы, які аднак захаваў традыцыйныя архітэктурныя рысы. У 1884 годзе адкрыта царкоўна-прыходская школа (12 вучняў — 11 хлопчыкаў, 1 дзяўчынка). У 1886 годзе ў Койданаўскай воласці Мінскага павета. У 1894 годзе Дэпартамент земляробства вылучыў у Гаруцішках зямлю В. В. Пашкевічу для арганізацыі гадавальніка лекавых раслін. У 1920-я ў будынку царкоўна-прыходскай школы дзейнічала пачатковая школа.
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гаруцішкі