У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Вітаўт. Вітаўт Тумаш (псеўд.: Р. Максімовіч, Андрэй Багровіч, Сымон Брага, Гарыгляд, Раман Шарупіч, Язэп Яшчар; крыпт.: В. Т.) (20 снежня 1910, в. Спягліца, Вілейскі павет — 27 красавіка 1998, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі грамадскі дзеяч, лекар, скарыназнавец.
Скончыў Віленскую беларускую гімназію, медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцці; узначальваў «урад» Таварыства прыяцеляў беларусаведы пры Універсітэце Стэфана Баторыя.
У 1940—1941 гг. быў старшынёй Лодзінскага аддзела Беларускага камітэта самапомачы, членам створанага ў Берліне (19 чэрвеня 1941 г.) Беларускага нацыянальнага цэнтра[1]. У ліпені — лістападзе 1941 г. бургамістр Мінска. Супольна з ваенным камендантам падпісаў у ліпені 1941 г. загад пра стварэнне Мінскага гета[2]. «Хацеў як найхутчэй зьехаць зь Менску і прапанаваў Іваноўскаму сваю пасаду, абяцаў нават узяць на сябе неабходныя фармальнасьці перад нямецкімі ўладамі»[3]. У канцы 1941 г. пераехаў у нацысцкую Германію.
Пасля пераезду ў Германію, займаўся лекарскай практыкай і працаваў у берлінскім аддзеле Самапомачы. У 1943 г. — рэдактар газеты «Раніца». Выкарыстоўваючы тэксты, апублікаваныя ў газеце «Раніца» і атрыманымі асабіста ад Л. Геніюш, падрыхтаваў да друку зборнік вершаў аўтаркі «Ад родных ніў». Пасля вайны жыў у пасляваеннай Германіі і ЗША, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці і навуковай дзейнасці. У 1946 г. у лагеры DP Ватэнштэт выдаваў часопіс «Мэдычная Думка»[4].
У 1948 г. В. Тумаш пераехаў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў і шматгадовы (1955—1982 гг.) старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва; быў членам Беларуска-амерыканскага задзіночання і старшынёй её Нью-Ёркскага аддзела. Напачатку 1952 г. Вітаўт Тумаш згадзіўся на просьбу Прэзідэнта БНР М. Абрамчыка рэдагаваць газету «Беларус»Але выдаўшы два нумары (№ 1 і 2) ад рэдагавання адмовіўся[5]. З 1979 да 1982 гг. старшыня Фундацыі імя П. Крэчэўскага[6].
Раптоўна памёр ад кровазліцця ў мозг. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў Нью-Джэрсі (ЗША).