wd wp Пошук:

Віталія Анатольеўна Бандарэнка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бандарэнка. Віталія Анатольеўна Бандарэнка (нар. 5 чэрвеня 2002) — палітычная зняволеная, абвінавачаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Па справе (пратэсты ў Брэсце 9-10 жніўня ў 2020 годзе) праходзіла больш за 80 падсудных, сярод якіх Віталія — адзіная дзяўчына[1].

Біяграфія

Віталія Бандарэнка нарадзілася 5 чэрвеня 2002. Бацькі разышліся, пасля памёр тата Віталіі. Пасля школы навучалася ў прафесійна-тэхнічным каледжы ў горадзе Высокае на кухара, дзе пазнаёмілася з Дзянісам Хазеем, з якім неўзабаве пачала сустракацца. Пасля навучання працавала ў Берасці ў кавярні[2].

Палітычны пераслед

У канцы жніўня 2020 Віталію затрымалі на працы ў кафэ, яна была змешчана ў ІЧУ. Праз двое сутак на судзе па адміністрацыйнай справе атрымала штраф. Але ў ізалятары дзяўчыну пакінулі яшчэ на суткі — каб паведаміць, што на яе завялі крымінальную справу за ўдзел у масавых беспарадках[3].

У пачатку студзеня 2021 да пачатку суда Віталія з’ехала з краіны, каб не трапіць пад арышт, бо ў Брэсце ўжо пачалі прысуджаць турэмныя тэрміны за пратэсты ў жніўні 2020. Але напрыканцы лютага таемна ад сям’і 2021 вярнулася ў Беларусь, каб сустрэцца з Дзянісам, суд над якім павінен быў распачацца 27 лютага. «У канцы лютага яна вярнулася на пару дзён. Зняла жыллё насупраць нашага дома, каб паглядзець на мяне — а я нават не ведала. Засумавала па сям’і і па сваім хлопцы, і вось зрабіла глупства» — з аповеду Наталлі, мамы Віталіі[3]. 1 сакавіка 2021 Віталія была затрымана, а Дзяніс Хазей 10 студзеня быў прысуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі для непоўнагадовых[4]. Яна была змешчана спачатку ў ІЧУ, пасля СІЗА-7 у Брэсце. Родныя на пэўны час згубілі сувязь з Віталіяй, бо нават адвакат не мог да яе трапіць[2].

3 сакавіка 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[5][6].

21 траўня 2021 у Ленінскім судзе Брэста суддзя Андрэй Вацлававіч Грушко вынес прысуды па крымінальнай справе аб масавых беспарадках пасля выбараў 2020 года 13 берасцейцам. Віталія Бандарэнка была асуджана па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу (Масавыя беспарадкі) да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, сваю віну не прызнала[7]. З аповедаў бабулі Віталіі пра судовы працэс: «На судзе я пачула паказанні людзей, нібыта пацярпелых. Мы іх не бачылі, яны былі ў іншым памяшканні са змененымі галасамі. І ў кожнага з іх супярэчнасці, звесткі падчас следства і суда разыходзяцца. Пры гэтым яны не былі ні ў чым упэўненыя, і мяне гэта таксама дзівіла, як адзін і той жа чалавек можа даваць розныя паказанні. Была на яшчэ адным судовым паседжанні, і ўжо пацярпелыя кажуць, што да абвінавачваных не маюць прэтэнзіяў. Толькі адзін скардзіўся, што ў яго пагон адарваўся»[2].

11.08.2021 сімвалічнай «хроснай» Віталіі Бандарэнкі стала дэпутатка Еўрапарламента Габрыэль Бішаф. Па справе Віталіі Габрыэль Бішаф выказалася наступным чынам: «Падчас пратэстаў сярод іншых была затрыманая і асуджаная да чатырох гадоў пазбаўлення волі 19-гадовая Віталія Бандарэнка. Я б хацела прадэманстраваць, што мы хочам падтрымаць яе, а таксама сотні іншых мужных вязняў рэжыму Лукашэнкі, і надаць ім неабходную ўвагу! Мы штодня натхняемся іх мужнасцю і настойлівасцю ў іх барацьбе за дэмакратычную будучыню. Я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў»[8][9].

Утрымліваецца ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.

Зноскі

  1. https://prisoners.spring96.org/be/person/vitalija-bandarenka
  2. 1 2 3 https://belsat.eu/news/16-04-2021-yana-pajshla-abaranyats-skradzenyya-galasy-syarod-80-padsudnyh-za-masavyya-besparadki-u-berastsi-adzinaya-dzyauchyna/
  3. 1 2 https://nashaniva.com/?c=ar&i=269855
  4. https://prisoners.spring96.org/be/person/dzjanis-khazei
  5. https://belhelcom.org/be/news/zayava-pravaabaronchyh-arganizacyy-belarusi-ab-pryznanni-vasmi-novyh-palitvyaznyau
  6. https://spring96.org/be/news/102251
  7. https://spring96.org/be/news/103469
  8. https://spring96.org/be/news/104782
  9. https://www.lphr.org/en/parlamentarier-aus-irland-und-deutschland-und-adoptieren-die-politischen-gefangenen-artsiom-bayarski-dzmitry-hopta-und-vitaliya-bandarenka/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 2002 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Палітвязні Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Асобы, прызнаныя вязнямі сумлення праваабарончым цэнтрам «Вясна»