Высакабо́рскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр — вёска Палуж 1.
Утвораны 16 ліпеня 1954 года ў складзе Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці БССР шляхам аб’яднання скасаваных Гаразнянскага і Горнаўскага сельсаветаў з цэнтрам у вёсцы Высокі Борак[1]. 11 красавіка 1960 года да сельсавета далучана частка скасаванага Палужскага сельсавета (13 населеных пунктаў: Аляксандраўка I, Аляксандраўка II, Брылёўка, Буглаі, Ветухноўка, Дубяец, Забор’е, Зарэчча, Палуж 1, Палуж 2, Рубежнік, Сасноўскі, Сувораўка), таксама ў склад сельсавета з Касцягаўскага сельсавета перададзены 10 населеных пунктаў (Галузы, Залясок, Зара, Казелле, Касцягаўка, Коз-Буда, Ленінскі, Лесавы, Рэпішча і Сталінскі)[2]. На 1 студзеня 1974 года ў склад сельсавета ўваходзілі 44 населеныя пункты[3]. 22 красавіка 1991 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Палуж 1. 27 снежня 2006 года скасавана вёска Гарэзна[4]. 25 ліпеня 2008 года сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Яноўскага сельсавета[5].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 8 населеных пунктаў: вёскі Брылёўка, Буглаі, Забор’е, Какойск, Лешчанка, Палуж 1, Палуж 2 і пасёлак Зарэчча.