wd wp Пошук:

Верхняпрыпяцкая нізіна

Від на возера Люб’язь, Украіна

Верхняпрыпяцкая нізіна (укр.: Верхньоприп’ятська низовина) — заходняя частка Палескай нізіны ў межах Валынскай і Ровенскай абласцей Украіны, на паўднёвым захадзе Брэсцкай вобласці Беларусі.

Геаграфія

Выцягнута з захаду на ўсход. Мяжуе з Брэсцкай нізінай на паўночным захадзе і поўначы, раўнінай Загароддзе на поўначы і Лунінецкай нізінай на ўсходзе, Маларыцкай раўнінай на паўднёвым захадзе, з поўдня абмежавана Валынскай градой.

Геалогія

Нізіна прымеркавана да Дзівінскай тэктанічнай ступені і паўднёва-заходняга схіла Палескай седлавіны. Фундамент (абсалютныя адзнакі ад −300 да −700 м) перакрыты тоўшчай адкладаў (магутнасць да 750 м) сярэдняга рыфея, венда, мела, палеаген-неагена і чацвярцічнымі (магутнасць 20-50 м, месцамі да 90 м).

Рэльеф

Тэрыторыя ўяўляе сабою флювіягляцыяльную нізінную раўніну. Вышыні ад 128 м да 170 м. Паверхня пераважна плоская, слаба паніжаецца з поўдня на поўнач і ўсход. Асноўныя элементы рэльефу — пойма і дзве надпоймавыя тэрасы Прыпяці. Пашыраны дробнаградава-бугрысты эолавы рэльеф з адноснымі перавышэннямі 5-10 м і больш. Характэрны балотныя нізіны, шмат разлеглых затарфаваных лагчын (даўжыня да 10 км, шырыня 1-2 км, глыбіня ўрэза да 5 м) паўночна-ўсходняга і субшыротнага напрамкаў.

Гідраграфія

Густая рачная сетка ўтворана далінамі дробных прытокаў Прыпяці і Мухаўца, рэчышчы якіх часта каналізаваныя. Шматлікія азёры (Турскае возера, Нобель, Люб’язь і інш.) праточныя з нізкімі забалочанымі берагамі, косамі і берагавымі валамі з перавеяных пяскоў. Да паніжаных, часта забалочаных участкаў лагчын прымеркаваны карставыя азёры з аваль­най лейкападобнай катлавінай.

У пойме ракі Прыпяць на тэрыторыі Украіны створана Верхняпрыпяцкая асушальна-арашальная сістэма(укр.) бел.. Антрапагенізацыя ландшафтаў у выглядзе асушальна-меліярацыйных работ прыводзіць да значных пераўтварэнняў: скарачаюцца і знікаюць дробныя азёры, змяняюцца рэчышчы, актывізуецца эолавая дзейнасць.

Глебы і расліннасць

Глебы дзярнова-падзолістыя, часта забалочаныя, тарфяна-балотныя.

Верхняпрыпяцкая нізіна характарызуецца значнай забалочанасцю (да 30—40 %) і лясістасцю (30—35 %; пераважна бары), пышыраны лугі. Ворныя землі складаюць 12—25 %.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Геаграфія Ровенскай вобласці
Катэгорыя·Нізіны Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з украінскай
Катэгорыя·Геаграфія Валынскай вобласці
Катэгорыя·Геаграфія Брэсцкай вобласці
Катэгорыя·Нізіны Украіны