Ве́рхняе Чэ́рніхава[1] (трансліт.: Vierchniaje Černichava, руск.: Верхнее Чернихово) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вольнаўскага сельсавета.
У другой палове XIX — пачатку XX ст. побач з вёскай, на ўзвышшы Рдултоўскія заклалі новы сядзібава-паркавы комплекс у Верхнім Чэрніхава. Пры заездзе на сядзібу стаяла прыдарожная капліца, ліпавыя прысады вялі да капліцы-пахавальні Рдултоўскіх.
Капліца-пахавальня Рдултоўскіх уяўляе сабой атынкаваны будынак 8 на 10 м, нагадвае склеп, напалову засыпаны зямлёй. Яго фасад упрыгожаны чатырма калонамі і завершаны франтонам. Адсюль садовая сцежка вяла праз парк да дому, які з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі.
Вакол знаходзіўся фальварак, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён. Сядзібная вось заканчвалася двума спалучанымі міжсобку вадаёмамі, якія жывіліся вадой з крыніцы[2].
Да 1962 года вёска ўваходзіла ў склад Савіцкага сельсавета[3].