wd wp Пошук:

Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка

Васіль Дзмітрыевіч Ліцвінка (7 снежня 1941, Верхні Церабяжоў, Столінскі раён, БССР — 12 ліпеня 2007) — збіральнік і папулярызатар беларускага традыцыйнага фальклору, вучоны-фалькларыст, старшыня Саюзу фалькларыстаў Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся 7 снежня 1941 года ў вёсцы Верхні Церабяжоў на Століншчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы выкладаў беларускую мову, літаратуру і спевы ў сямігодцы вёскі Лука на Століншчыне (19581960). Служыў у ваенна-марскім флоце СССР (1961—1964).

Вучыўся на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэту (19641970). Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкі клуб, ладзіў канцэрты самадзейных калектываў універсітэту, гастролі вядомых вакальна-інструментальных ансамбляў ва ўніверсітэце.

У 1971 годзе стварыў на філфаку першую ва ўніверсітэце лінгафонную лабараторыю[1]. З верасня 1975 года перайшоў на выкладчыцкую работу на кафедру расійскай савецкай літаратуры філфаку, дзе выкладаў фальклор.

У 1981 годзе Васіль Ліцвінка разам з калегамі дамогся стварэння на філалагічным факультэце БДУ навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору, якой кіраваў да выхаду на пэнсію ў 2005.

19872003 — аўтар і вядучы тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі». Уваходзіў у рэдакцыйны склад газеты «Балесы Полісся» (бел.: Галасы Палесся)[2].

Абіраўся старшынёй Беларускага саюза фалькларыстаў на першым і другім з’ездах у 1992 і 1995 гадах. Віцэ-старшыня Таварыства беларускай школы. Кандыдат філалагічных навук.

Пасля выхаду на пэнсію ў 2006 планаваў стварыць у родных мясцінах на Століншчыне фальклорна-этнаграфічны цэнтр заходнепалескай традыцыйнай культуры, аднак раптоўная смерць зашкодзіла здзяйсненню планаў.

Пахаваны на могілках у роднай вёсцы.

Даследчая дзейнасць

З 1964 года займаўся збіраннем, даследаваннем рэгіянальнай спецыфікі, выданнем і папулярызацыяй фальклору, абрадава-святочнай і этнічнай культуры беларускага народа. Пераважна на Палессі фалькларыстам Ліцвінкам зроблена каля 200 тысяч тэкставых і 50 тысяч аўдыёзапісаў фальклору і матэрыялаў традыцыйнай культуры.

Падчас яго 15-гадовага супрацоўніцтва з 1987 па 2003 гады з Беларускім тэлебачаннем у рамках праграмы «Запрашаем на вячоркі» зроблены 246 відэафільмаў абрадава-святочнай культуры, сярод якіх — усе важнейшыя самабытныя фальклорна-этнаграфічныя з’явы Беларусі, а найбольшую каштоўнасць маюць святы і абрады Чарнобыльскага рэгіёна, многія з якіх знішчаны ў выніку глабальнай катастрофы.

Васіль Ліцвінка — аўтар 20 кніг і зборнікаў фальклору, больш 380 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных друкаваных работ.

Пад яго кіраўніцтвам навукова-даследчай лабараторыяй беларускага фальклору паспяхова выкананыя навукова-даследчыя праекты «Фальклор Беларускага Палесся», «Рэгіянальная спецыфіка беларускага фальклору», «Інтэрпрэтацыя і выкарыстанне фальклору ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ВНУ», «Фальклор запаведных і памежных з Расіяй, Украінай, Польшчай і Літвой рэгіёнаў».

У 1970-я Рыгор Шырма паскардзіўся Васілю Ліцвінку, з якім яго звязвалі сяброўскія адносіны, на недахоп часу для напісання мемуараў. Тады Ліцвінка пачаў запісваць гутаркі з маэстра на магнітафонную стужку. За некалькі гадоў назапасілася 20 кіламетраў аўдыёзапісаў. На жаль, многае з гэтых запісаў не захавалася[3]. Па выніках працы Васіль Ліцвінка падрыхтаваў зборнік артыкулаў Р. Р. Шырмы «Песня — душа народа» (1976; 2-е выд. 1993) з каментарамі, бібліяграфіяй, летапісам жыцця і творчай дзейнасці Шырмы, а ў 1984 абараніў у акадэмічным Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы кандыдацкую дысертацыю «Р. Р. Шырма — фалькларыст»[1]. Частка запісаў была апублікавана да 100-годдзя Рыгора Шырмы ў часопісе «Мастацтва» ў 1992 годзе.

Асноўныя працы

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Брэсцкай вобл. / (у суаўтарстве). — Мн., 1973.
  2. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Гомельскай вобласці / (у суаўтарстве). — Мн., 1989.
  3. Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры Мінскай вобласці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1995.
  4. Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданне I. — Мн., 1976.
  5. Рыгор Шырма. Песня — душа народа / Васіль Ліцьвінка. — Выданне II. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1993. — 348 с. — ISBN 9785340010704.
  6. Васіль Ліцьвінка. Р. Р. Шырма — фалькларыст. Аўт. дыс. канд. філ. навук. — Мн., 1984.
  7. Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданне I. — Мн., 1984.
  8. Песні партызанскай славы. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Выданне II. — Мн., 1988.
  9. Калыханкі і забаўлянкі. / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1992.
  10. Ліцьвінка Васіль. Край Адамаў родны… Новагародчына. — Мн., 1992. — С. 231-297. — (У зб.:Школьны літаратурны вечар.).
  11. Васіль Ліцьвінка. Веснавыя святы і абрады. — Мн., 1995.
  12. Васіль Ліцьвінка. Зімовыя святкі. — Мн., 1995.
  13. Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для спецыяльнасцей Беларускай акадэміі мастацтваў. — Мн., 1997.
  14. Васіль Ліцьвінка. Беларускі фальклор. Праграма для навучальных устаноў культуры і адукацыі. — Роднае слова, №№7-8. — Мн., 1998.
  15. Спадчына маёй маці / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 1993.
  16. Ліцьвінка Васіль. Веснавыя святы і абрады. — Мн., 1995.
  17. Ліцьвінка Васіль. Зімовыя святкі. — Мн., 1995.
  18. Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне І. — Мн., 1997.
  19. Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне II. — Мн.: Беларусь, 1998. — 190 с. — ISBN 985-01-0055-9.
  20. Ліцьвінка Васіль. Святы і абрады беларусаў. — Выданне III. — Мн., 2001. — 190 с. — ISBN 985-01-0327-2.
  21. Праблемы ўсходнеславянскай этналінгвістыкі. Зборнік матэрыялаў Першай міжнароднай этналінгвістычнай канферэнцыі, Мінск, 25-26.ІV.2003 / Укл. Васіль Ліцьвінка. — Мн., 2003.
  22. Ліцьвінка Васіль. «Спевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 года» Яна Чачота 1842—1844 гадоў — гістарычны эпас беларусаў. — Мн., 2004. — ISBN 985—464-594-0.
  23. Ліцьвінка Васіль. Каляндар свят і абрадаў беларусаў, 1994—2006.

Зноскі

  1. 1 2 Мікола Антропаў Архіўная копія(нявызн.) (недаступная спасылка). Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загородье». Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2017. Праверана 13 студзеня 2014.
  2. Архіўная копія(нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2016. Праверана 13 студзеня 2014.
  3. Васіль Ліцьвінка. Шырма расказвае пра сябе… // Раённыя будні. — 14 сакавіка 2012. — № 21, 9467. — С. 5.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Памерлі ў 2007 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1941 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся 7 снежня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Столінскім раёне
Катэгорыя·Фалькларысты Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУ
Катэгорыя·Кандыдаты філалагічных навук
Катэгорыя·Памерлі 12 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Столінскім раёне
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»