wd wp Пошук:

Васіль Гарабурда

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гарабурда. Васіль Анцутавіч Гарабурда (1-я палова XVI ст. — пасля 1586) — вялікалітоўскі друкар і выдавец.

Біяграфія

Звесткі пра паходжанне Васіля Гарабурды супярэчлівыя. У пасляслоўі да свайго «Актоіха» (1582) ён запісаны «рабом божым Васілём Міхайлавічам Гарабурдам», таму большасць даследчыкаў лічаць яго сынам вялікага пісара літоўскага Міхайлы Гарабурды. Аднак, у тастаменце Міхайлы Гарабуды (1586) Васіль названы пляменнікам («сыноўцам»)[1]. У тастаменце ж Аляксандра Гарабурды (1570) названы «народжаны дзядзька» Міхайла Гарабурда і «браты» Пётр і Васіль Анцуцічы Гарабурды[2]. На думку Георгія Галенчанкі, Васіль быў сынам Анцуты Гарабурды, дробнага гаспадарскага баярына, уладальніка маёнтка Макрэц у Гарадзенскім павеце.

Бацька Васіля — Анцута, пастрыгся ў манахі пад імем Арсеній. Станам на 1562 год Арсеній быў інакам Полацкага Іаана-Прадцечанскага манастыра і, імаверна, яго настаяцелем, а 22.10.1562 года, з прадстаўлення полацкіх баяр і мяшчан, намінаваны Жыгімонтам Аўгустам у епіскапы полацкія. Магчыма, Арсеній быў фундатарам або апекуном Полацкай ананімнай друкарні, дзе сярод іншых мог працаваць і Васіль Гарабурда[3].

Пазней працаваў у Заблудаўскай друкарні Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, у актах уладзімірскага гродскага суда за 1570 год Васіль Гарабурда называецца «слугой друкарні гетмана Рыгора Хадкевіча»[4]. Князь Андрэй Курбскі згадваў, што князь Канстанцін-Васіль Астрожскі аддаваў перапісваць Васілю Гарабурдзе кнігі атрыманыя з Афону[5]. Потым арганізаваў друкарню ў Вільні. Васіль Гарабурда працягваў выдавецкія традыцыі Заблудаўскай друкарні, выдаваў кнігі на царкоўнаславянскай мове буйным фарматам, у 2 колеры. Раслінны арнамент заставак у кнігах нагадвае львоўска-маскоўскія ўзоры Івана Фёдарава.

У 1578 годзе «Базылиушъ Гарабурда дворанинъ его королевское милости», земянін гаспадарскі Гарадзенскага павету, згадваецца сярод сведкаў вяноўнага запісу ў Жыдомлі.[6]

У 1582 годзе у Віленскай друкарні Васіль Гарабурда выдаў «Актоіх» («Васьмігалоснік») з падпісаным пасляслоўем, на цяперашні час захавалася 35 асобнікаў гэтага выдання. Выхадныя звесткі «Актоіха» дадзены ў двух каляндарных стылях, як у некаторых віленскіх выданнях Францыска Скарыны. Друкарня Васіля Гарабурды перайшла да Мамонічаў, якія з 1583 года ўзнавілі выдавецкую дзейнасць. Магчыма, Васіль Гарабурда быў адным з тых друкароў Мамонічаў, якім гэта друкарня абавязана працяглай і плённай дзейнасцю.

Таксама дапускаюць, што каля 1580 года Васіль Гарабурда выдаў «Евангелле вучыцельнае» (блізкую копію заблудаўскага выдання 1569 года) і «Часаслоў». Такім чынам, фактычна, Васіль Гарабурда выдаў столькі ж кніг, што і Пётр Мсціславец.[7]

Зноскі

  1. ML 279, k. 373—374.
  2. Бобер І. М. Тастамент пана Аляксандра…
  3. Дзюбан Р. Друкарів захоплено… С. 41-42.
  4. Кравченко В. Актові книги… С. 135.
  5. Мицько І. Гарабурда Василь… С. 87.
  6. НГАБ, ф. 1755, воп 1, адз.з. 7. Паводле: Сліж Н. Вяноўныя запісы ў кнізе Гарадзенскага земскага суда за 1578—1579 гг. // Гарадзенскі палімпсест — 2009. Дзяржаўныя ўстановы і палітычнае жыццё. XVI—XX ст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Горадня, 7 лістапада 2009 г.) / Пад рэдакцыяй А. Ф. Смаленчука, Н. У. Сліж. — Белосток, 2009. 390 с., іл. 21. — С. 72.
  7. Анушкин А. На заре… С. 58, 60, 61.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Гарабурды
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Друкары Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў