У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бярэзнікі.
Бярозавыя лясы (бярэзнікі) — драбналістыя лясы, у якіх пераважае бяроза.
У Беларусі бярозавыя лясы складаюць 18,1 %[1] (16,2% — 1978; 16,5 — 1994) плошчы лясоў, пашыраны па ўсёй тэрыторыі. З іх бародаўчатабярозавыя лясы складаюць 11,9 % і пушыстабярозавыя лясы — 6,2 %. Бярозавыя лясы растуць на добра асветленых участках. На забалочаных тэрыторыях Палесся растуць карэнныя бярозавыя лясы, пераважна пушыстабярозавыя. Бярозавыя лясы самыя маладыя: сярэдні ўзрост — 35—40 гадоў.
Прадукцыйнасць бярозавых лясоў: сярэдняя паўната 0,70, банітэт 1,9, запас спелага дрэвастою (50—60 гадовага) 154 м³/га. Даюць драўніну для фанернай, мэблевай[2], тарнай вытворчасці, сыравіну для дзёгцекурэння, бярозавы сок. Маюць рэкрэацыйнае значэнне.