wd wp Пошук:

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра

Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра — будынак у Гродне, размешчаны на скрыжаванні вуліц Маставой і Давыда Гарадзенскага, на высокім правым беразе р. Нёман. Пабудаваны ў 19771984 гг. з цэглы і зборнага жалезабетону (архіт. Г. Мачульскі[1][2], А. Пархута[2], добраўпарадкаванне — архіт. М. Жучко, Н. Чуйко)[1].

Архітэктура

У рашэнні драматычнага тэатра злучаюцца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі: да ўзбуйнення будынка і пошуку тэм, якія збліжаюць яго з гістарычнай забудовай — выкарыстанне складаных пластычных прыёмаў і дробнага маштабу чляненняў, якія складаюць аддаленыя гатычныя асацыяцыі. Вызначальным ва ўспрыманні будынка стала прыгнечанне сучаснымі архітэктурнымі формамі гістарычнага асяроддзя[3].

Манументальны пластычны па форме будынак уключае шасцігранны дамінуючы ў агульнай кампазіцыі асноўны аб’ём (галоўная глядзельная зала з вестыбюлем і фае) і П-падобны ў плане трохпавярховы адміністрацынна-службовы корпус. Вуглы асноўнага аб’ёму вылучаны ўвагнутымі вертыкальнымі пілонамі, якія выступаюць над дахам. Рытм вузкіх вертыкальных рэбраў паміж пілонамі кантрастуе з крутлаватымі лініямі буйных канструкцый фасадаў на ўзроўні 1-га і 2-га паверхаў. У завяршэнні па перыметры будынка праходзіць хвалістая стужка парапета. Цэнтральны ўваход вылучаны пластычна выгнутымі сценкамі і каскадам лесвіц. Над ім размешчана трохфігурная кампазіцыя «Пегас» (скульпт. Л. Зільбер; медзь, выкалатка, вышыня 8 м). Спрошчаны аб’ём службовага корпуса ўзбагачаюць вуглавыя лесвічныя клеткі. Абліцоўка фасадаў светлай пліткай, цагляная муроўка нішаў і баразён надаюць збудаванню візуальную лёгкасць[2].

Інтэр’ер

Галоўная глядзельная зала (на 700 месцаў) вырашана амфітэатрам з балконам. Беламармуровыя бакавыя лесвіцы звязваюць вестыбюль з двухсветлавым фае і бакавымі кулуарамі. У цокальным паверсе — рэпетыцыйная зала, шэраг артыстычных пакояў, апаратная, склады аб’ёмных дэкарацый. Галоўная глядзельная зала аздоблена драўлянымі панелямі, кесаніраванай акустычнай падвеснай столлю, дэкаратыўнай тынкоўкай[2].

Больш сціпла, у светлых танах, дэкарыраваны галоўны вестыбюль, абліцаваны светла-шэрым мармурам. Афармленне фае галоўнай залы вырашана сучаснымі мастацка-дэкаратыўнымі сродкамі. 3 руставанай пластыкавай столі звісае вялізная, нібы сталактытавая, люстра з рыфленага белага нёманскага шкла. Сцены апрацаваны светлай рыфленай тынкоўкай[2].

На франтальнай сцяне фае галоўнай залы створана аб’ёмнаё скульптурнае пано, тэматыка якога прысвечана сусветнаму і нацыянальнаму тэатру (маст. І. Пчэльнікаў, І. Лаўрова). Верхняя частка пано ўключае 5 кампазіцый на тэму гісторыі развіцця тэатра: «Народны тэатр», «Класіка», «Тэатр рэвалюцыі», «Новы тэатр», «Тэатр, які аб’ядноўвае ўсе мастацтвы». Ніжэй па пастаментах устаноўлены бюсты Пушкіна, Шэкспіра, Мальера. Паміж бюстамі плакеткі з выявамі дзеячаў беларускай культуры — Ф. Скарыны, М. Гусоўскага, Я. Купалы, Я. Коласа. Скульптурна-жывапісныя кампазіцыі «Антычная трагедыя», «Дзіанісьеўскае шэсце», «Народны тэатр батлейка», «Рэпетыцыя ў масках» выкананы на сценах кулуараў і над уваходамі ў партэр. Усе кампазіцыі зроблены ў абагуленых формах з выкарыстаннем мяккай разбеленай каларыстычнай палітры і графічнай штрыхоўкі[2].

Малая глядзельная зала на 200 месцаў размешчана на 1-м паверсе службовага корпуса, мае бакавыя кулуары з буфетам, вестыбюль і фае[2].

Зноскі

  1. 1 2 Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др.. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1.(руск.)
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ, 1986.- 371 с., іл.
  3. Шамрук, А. С. Архитектура Беларуси ХХ — начала ХХІ в.: эволюция стилей и художественных концепций. — Минск: Белорусская наука, 2007. — 335 с.: илл. ISBN 978-985-08-0868-4

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Генадзя Мачульскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Анатоля Пархуты
Катэгорыя·Маставая вуліца (Гродна)
Катэгорыя·Гродзенскі абласны драматычны тэатр
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Мікалая Жучко
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·З’явіліся ў 1984 годзе
Катэгорыя·Вуліца Давыда Гарадзенскага (Гродна)
Катэгорыя·Творы Леаніда Зільбера
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Гродна
Катэгорыя·Славутасці Гродна