Белару́ская вучнёўская грамада́ — грамадская арганізацыя, дзейнічала ў Калузе (Расія). Існавала ў 1918 годзе. Была заснавана вучнямі навучальных устаноў, эвакуіраваных з тэрыторыі Беларусі ў час Першай сусветнай вайны. 18 чэрвеня 1918 года зарэгістравана Беларускім нацыянальным камісарыятам. Асноўная мэта — аб’яднанне вучняў-беларусаў усіх навучальных устаноў на нацыянальнай культурна-асветніцкай глебе. Вышэйшы орган — агульны сход сяброў, выканаўчы — выбарнае праўленне (5 членаў і 2 кандыдаты). Старшыня праўлення — П. Сліжэўскі, сакратар — А. Раманчук, актывісты — Л. Сушко, В. Кузьміцкая. Арганізоўвала лекцыі і даклады, праводзіла культурныя мерапрыемствы. Працавалі літаратурныя і драматычныя секцыі, бібліятэка. Мела аддзелы пры паасобных навучальных установах[1].