Басава гара — мясцовасць у Савецкім раёне Гомеля, узвышанная частка гістарычнага раёна Манастырок[1]. Знаходзіцца паміж вуліцай Талстога, вуліцай і завулкам Фрыдрыха Энгельса[2].
Пераважае індывідуальная забудова сядзібнага тыпу. Верхняя частка – месца колішніх стараверскіх могілак[3] – цалкам не забудавана. Каля дома №4 па вуліцы Фрыдрыха Энгельса захаваліся дзве магілы пачатку ХХ ст. з помнікамі.
Народная традыцыя звязвае назву з вулічнай мянушкай заможнага купца Шаўцова, перасяленца з Веткі, чый дом нібыта стаяў у гэтай мясцовасці на пачатку ХІХ ст.[1] Мовазнавец А. Ф. Рогалеў тракуте паходжанне фарманты «Басава» у сувязі з рускімі дыялектнымі словамі «басый», «баский» («прыгожы»), «баса» («краса», «прыгажосць», «хараство»)[1], што можа выглядаць праўдападобна з улікам факту перашапачатковага пражывання ў Манастырку старавераў.
Увосень 1941 г. нямецкая жандармерыя і гомельская гарадская паліцыя (3-ці ўчастак) з Басавай гары пачалі высяленне (для далейшага знішчэння) яўрэяў са зладжанага раней у Манастырку гета[4].