Барух Сэмюэл Бламберг (англ.: Baruch Samuel Blumberg, 28 ліпеня 1925, Нью-Ёрк, ЗША — 5 красавіка 2011, Каліфорнія, ЗША) — амерыканскі ўрач і генетык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне ў 1976 годзе разам з К.Гайдузекам[12][13].
Скончыў Калумбійскі ўніверсітэт (1951). Наступныя чатыры гады ён займаўся ў інтэрнатуры і далей стажыраваўся ў Columbia Presbyterian Medical Center. Затым ён працягнуў вучобу, займаючыся біяхіміяй у Бэйліял-каледжы, Оксфард. У 1957 годзе ён абараніў ступень доктара.
З 1952 года працаваў у Калумбійскім медыцынскім цэнтры, Нацыянальным інстытуце здароўя (г. Бетэсда, штат Мэрыленд), Інстытуце даследавання раку (г. Філадэльфія). З 1970 года прафесар у Пенсільванскім, Оксфардскім універсітэтах.
Адкрыў антыген сываратачнага гепатыту, т.зв. аўстралійскі антыген (1963), і распрацаваў метад лабараторнага кантролю донараў крыві на яго прысутнасць.