wd wp Пошук:

Балотная чарапаха еўрапейская

Балотная чарапаха еўрапейская (Emys orbicularis) — від паўзуноў сямейства прэснаводных чарапах. Адзіны ў Беларусі прадстаўнік атрада чарапах.

Апісанне

Даўжыня панцыра 16-18 (да 22) см, шырыня каля 15 см, вышыня 6-8 см, маса цела 400—600 (часам да 1500) г. Хвост крыху меншы за палову даўжыні панцыра. Спінны і брушны шчыты панцыра злучаны паміж сабой рухомай сухажыльнай звязкай. Зверху панцыр гладкі і афарбаваны ў цёмна-аліўкавыя, жоўта-карычневыя або цёмна-шэрыя (да чорнага) тоны. На гэтым цёмным фоне рассыпаны дробныя светла-жоўтыя плямкі або рысачкі. Знізу панцыр мае афарбоўку ад жаўтаватай да цёмна-бурай. Галава, шыя і канечнасці таксама пакрыты дробнымі жаўтаватымі плямкамі на цёмным фоне.

Палавыя адрозненні ў чарапах даволі выразныя. У самца на ніжнім панцыры добра відаць глыбокая ўвагнутасць; у самкі пластрон зусім роўны. Самцы звычайна крыху драбнейшыя за самак такога ж узросту. Аб узросце чарапах можна меркаваць па колькасці «гадавых кольцаў» (як на пнях дрэў). Яны звычайна прыкметны на шчытках карапакса і пластрона. Аднак гэты метад прымальны толькі для чарапах сярэдняга ўзросту (8-12 гадоў). У больш старых асобін гадавыя кольцы зліваюцца і слаба адрозніваюцца, што не дазваляе дакладна вызначыць узрост.

Распаўсюджанне

Арэал чарапахі балотнай ахоплівае Паўднёвую і Цэнтральную Еўропу, Пярэднюю Азію і паўночны захад Афрыкі. Даходзіць да Літвы, Смаленскай вобласці, вярхоўяў Дона, Сярэдняй Волгі і левабярэжжа ракі Урал. Трапляецца балотная чарапаха ў Крыме, на Каўказе, у Прыураллі, ізаляваныя папуляцыі вядомы ў нізоўях Сырдар’і і ў далінах рэк на захадзе Туркменістана.

Балотная чарапаха на паштовай марцы Беларусі, 2003

Меркаваная сучасная паўночная мяжа пашырэння балотнай чарапахі на Беларусі праходзіць на поўдзень ад лініі Гродна-Стоўбцы-Чэрыкаў. Ёсць падставы меркаваць, што гэта мяжа за апошнія 3-4 дзесяцігоддзі адсунулася на поўдзень. Дакладныя дадзеныя аб колькасці скрытнай і цяпер дастаткова рэдкай рэптыліі адсутнічаюць. Раней даволі вялікая колькасць чарапах назіралася ў вярхоўях ракі Прыпяць, аднак урбанізацыя і асушальная меліярацыя прывялі да зніжэння колькасці азначанага віда.

Экалогія

Балотная чарапаха насяляе неглыбокія спакойныя вадаёмы, забалочаныя старыцы рэк, ціхія рачныя затокі. У апошні час ёй даводзіцца асвойваць і шэраг штучных вадаёмаў: меліярацыйныя каналы і рыбаводныя сажалкі. Іншы раз яны селяцца ў вадаёмах побач з люднымі месцамі.

Звычайна балотная чарапаха займае ўчасткі вадаёмаў са спадзістымі берагамі або берагамі з купінамі, адкуль лёгка выбрацца з вады і пагрэцца на сонцы. Ад вадаёма чарапаха далёка не адыходзіць і пры небяспецы нырае ў ваду, зарываецца ў іл або хаваецца сярод воднай расліннасці. Ноччу звычайна спіць на дне вадаёма, а днём актыўна палюе не толькі ў вадзе, але і на беразе.

Асаблівасці біялогіі

Спосаб жыцця водна-наземны. Корміцца ў асноўным днём у вадзе насякомымі і іх лічынкамі, ракападобнымі, малюскамі, галавасцікамі, дробнымі жабкамі, трытонамі, снулай рыбай, расліннасцю; на сушы — зрэдку кіўсякамі, макрыцамі, жукамі і інш. Для дыхання ў вадзе служаць багатыя крывяноснымі капілярамі вырасты глоткі і анальныя пузыры.

Балотныя чарапахі ў час спароўвання

Полавая спеласць наступае ва ўзросце 6-8 гадоў пры даўжыні панцыра 9-12 см. У час спароўвання ў вадзе самец балотнай чарапахі моцна чапляецца кіпцюрамі пярэдніх і задніх канечнасцей за краі і няроўнасці карапакса самкі, Г-падобна выгнуўшы шыю, пускае бурбалкі, рэзка матае галавой, а іншы раз раз’юшана кусае галаву і шыю самкі, прымушаючы яе схавацца пад панцыр. Хвост самца, нібы маятнік, увесь час слізгаецца па карапаксе самкі. Капуляцыя адбываецца ў вадзе і працягваецца да некалькіх гадзін, іншы раз паўтараецца на працягу некалькіх дзён. Асобіны, якія спароўваюцца, нярэдка перамяшчаюцца па вадаёме. З вады відаць толькі дзве галавы і невялікі авальны «пятачок» карапакса самца. На час шлюбнага перыяду самец пасяляецца побач з самкай і не выпускае яе з-пад увагі ні на хвіліну. Пасля спароўвання з адной самкай самец нярэдка пачынае шукаць іншую. Самкі, за выключэннем некаторых перыядаў — адкладання яек, кармавых міграцый і іншых, вядуць аселы спосаб жыцця. Іх пастаянна можна бачыць на адных і тых жа пляцоўках у час прыёму сонечных ваннаў.

Маладая чарапашка

Перыяд спароўвання ў чарапахі вельмі расцягнуты. Шлюбныя кантакты ў гэтага віду працягваюцца з траўня да ліпеня. Магчыма, спароўванне балотных чарапах адбываецца і пасля адкладання яек самкай, бо сперма ў палавых шляхах самак, як паказваюць даследаванні, можа захоўвацца жыццяздольнай да года і больш. За сезон самка робіць 1-3 кладкі па 5-10 яек у кожнай (у траўні, чэрвені, ліпені). Ёсць меркаванні, што першая кладка складаецца з яек, аплодненых у мінулым годзе. Яйкі белага колеру велічынёй 28-33 x 18-20 мм, масай 7-8 г, адкладваюцца на беразе (на ўзвышэнні, якое не затапляецца) вадаёма ў ямку глыбінёй каля 10 см, якую самка рые заднімі нагамі і старанна засыпае пасля адкладкі яек. Інкубацыйны перыяд працягваецца 2-3 месяцы ў залежнасці ад надвор’я. Маладыя чарапашкі (даўжыня 22-25 мм) пасля выхаду з яек застаюцца ў ямцы да вясны. Жывуць за кошт пажыўных рэчываў жаўтковага мяшка.

Ахова

Балотная чарапаха на памятнай манеце Нацбанка Беларусі, 2010

Балотная чарапаха ўключана ў Чырвоны спіс МСАП (LR/nt, версия 2.3, 1994), занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі (ІІІ катэгорыя аховы), Чырвоныя кнігі Літвы і Латвіі.

Утрыманне ў няволі

Утрымліваюцца ў тэрарыумах.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы на манетах
Катэгорыя·Жывёлы на марках
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Чарапахі
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе