wd wp Пошук:

Бааань

Бааа́нь (саманазва: боунаң куң, манг.: Бууань) або банань (кіт.: 保安) — народ, найменшая з 56 афіцыйных нацыянальных меншасцяў Кітая. Бааань падзелены на 2 асноўныя групы, кожная з якіх размаўляе на сваім дыялекце мовы мангольскага паходжання. Адна з іх насяляе правінцыю Ганьсу. Яе прадстаўнікі спавядаюць іслам. Другая насяляе правінцыю Цынхай. Сярод яе прадстаўнікоў пашыраны будызм ламаісцкага кірунку. Агульная колькасць (2010 г.) - 20 074 чал.

Паходжанне

Мяркуецца, што бааань — нашчадкі манголаў, якія сяліліся ў памежных гарнізонах каля Тыбета (зараз правінцыя Цынхай) у XIII - XVI стст. У сярэдзіне XIX ст. з-за канфлікту з цынскімі ўладамі частка бааань перасялілася на поўнач, у Ганьсу.

Культура

Бааань займаюцца земляробствам і жывёлагадоўляй. Важным заняткам здаўна лічылася лясная гаспадарка, здабыча драўніны і паляванне. Бааань славяцца як добрыя вытворцы нажоў.

Жытлы будуюць з неабпаленай цэглы, агароджваюць высокім цагляным плотам. Дом мае два - тры пакоі. Большую частку галоўнага пакоя адводзяць пад штучнае ўзвышша кан, на якім спяць і п’юць чай. Асноўным харчовым прадуктам лічыцца бульба. Чай робяць з малаком, маслам і соллю.

У адрозненні ад суседніх народаў, жанчыны бааань заўсёды носяць галаўныя павязкі. Старыя жанчыны і ўдовы — белыя, маладыя жанчыны — зялёныя, дзяўчаты — чорныя. Народны жаночы строй таксама уключае халат з шырокімі доўгімі рукавамі. Мужчыны апранаюць халаты і па тыбецкаму звычаю — доўгія шалікі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы Кітая
Катэгорыя·Мангольскія народы