Аэрапорт Стамбул імя Атацю́рка (турэцк.: İstanbul Atatürk Havalimanı; (IATA: IST, ICAO: LTBA)) — міжнародны аэрапорт у Стамбуле, найбуйнейшы аэрапорт Турцыі. Размешчаны ў еўрапейскай частцы горада за 24 кіламетры на захад ад гістарычнага цэнтра горада — плошчы Султанахмет, на беразе Мармуровага мора. З 1980 года аэрапорт носіць імя Мустафы Кемаля Атацюрка, першага прэзідэнта Турэцкай рэспублікі.
Аэрапорт з’яўляецца 4-м у Еўропе і 13-м у свеце паводле колькасці абслужаных пасажыраў. Так у 2014 годзе пасажыраабарот аэрапорта перавысіў 56 млн чалавек. З-за загружанасці аэрапорта ў будучым плануецца будаўніцтва трэцяга аэрапорта Стамбула, пасля чаго аэрапорт Атацюрка, меркавана, будзе закрыты[1].
Са студзеня 2000 года аэрапортам кіруе кампанія TAV Airports (Tepe-Akfen-Ventures), якая інвеставала 600 мільёнаў долараў з 1998 года ў развіццё аэрапорта. У 2005 годзе TAV выйграла тэндар на кіраванне аэрапортам на працягу 15.5 гадоў[крыніца?].
На тэрыторыі аэрапорта знаходзіцца штаб-кватэра турэцкай нацыянальнай авіякампаніі Turkish Airlines, для якой аэрапорт з’яўляецца і галоўным вузлавым аэрапортам. У аэрапорце таксама базуюцца мясцовыя турэцкія авіякампаніі Atlasglobal і Onur Air.
Апроч аэрапорта Атацюрка, Стамбул таксама абслугоўвае невялікі, размешчаны ў азіяцкай частцы горада, Міжнародны аэрапорт імя Сабіхі Гёкчэн.